Жанчыны, грошы і ўсёмагутная мараль


Жанчыны, грошы і ўсёмагутная мараль: пра кнігу Г. Марчука

06.08.2020                                  Литературная критика


«Любоўныя прыгоды, прага хутка разбагацець не даюць спакою галоўнаму герою. Прайшоўшы шлях спакушэнняў, пустых ілюзій, ён зразумеў, што дабрыня, сумленнасць, здольнасць да спачування робяць чалавека моцным і шчаслівым»,  — такі кароценькі допіс змешчаны на вокладцы новай кнігі Георгія Марчука «Першыя ландышы» (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2020). У анатацыі адзначаецца: «Аўтар разважае пра запатрабаванасць ідэй дабра і справядлівасці, любові да блізкага і спагады, праўдзіва адлюстроўвае панараму жыцця грамадства, у якім эгаізм, крайні індывідуалізм прыводзяць да страты цікавасці чалавека да сацыяльных з’яў». У выданне ўвайшоў не толькі аднайменны раман у аўтарскім перакладзе на рускую мову, але і перастворанае Лізаветай Палеес эсэ «Норавы і людзі Давыд-Гарадка», што публікавалася і раней.

У цэнтры рамана «Першыя ландышы» — нядоўгі адрэзак з жыцця Андрэя Дубравы, саракагадовага псіхолага, які толькі-толькі заснаваў фірму «Поспех у аптымізме». Ужо адна яе назва дае зразумець: рэальнай дапамогі людзям чакаць не варта, як і ад псеўдапсіхалагічнай літаратуры, што цяпер у топе многіх анлайні афлайн-кнігарняў. Таму, відавочна, ужо сама тэма можа выклікаць увагу да твора, які, па шчырасці, было б правільней аднесці да жанру аповесці, чым рамана. Ды, мусіць, такое азначэнне абрана не выпадкова.

Нягледзячы на сацыяльную падаплёку, твор Георгія Марчука — гэта ўсё ж раман выхавання, бо перад чытачом  — класічная гісторыя «падзення і ўзвышэння» героя. На першых старонках намаляваны агідны персанаж: нарцыс і эгаіст, якога злуе адсутнасць вялікіх грошай ды цешыць поспех у жанчын — на працягу дзеяння ён «валодае» адразу трыма, і кожная ўплывае на героя па-рознаму. Між тым, у планах Андрэя Дубравы было сабраць іх разам і спытаць, хто хоча стаць яго жонкай — гэткі эксперымент. Сярод шматлікіх заганаў апісана аўтарам і некалькі станоўчых рыс — герой любіць маці і пачынае хадзіць у царкву. Дарэчы, знаёмы святар раіць яму стаць бацькам, бо гэта «паратунак ад распусты», але ці ёсць у яго такое жаданне, ці гатовы ён абраць тую самую «адзіную», нікога не цікавіць. Як і належыць персанажу такога тыпу, у рэшце рэшт ён застаецца без жанчын (на гарызонце  — школьная сяброўка, якой дапамог, першае каханне), без псіхалагічнага кабінета (бо грошай гэтая дзейнасць не прынесла, а тут раптам прапанавалі працу дырэктара школы-інтэрната), затое з упэўненасцю  — дзецям неабходна вярнуць веру ў дабро.

Нягледзячы на пэўную катэгарычнасць у адлюстраванні герояў, аўтар імкнецца падаць іх характары не аднабакова, знайсці ў кожным нешта адметнае і запамінальнае. Так, паралельна асноўнаму дзеянню, распавядаюцца гісторыі пабочных персанажаў: выпускніцы школы Святланы, першай наведвальніцы псіхалагічнага кабінета Андрэя Дубравы. Менавіта яна дае надзею, галоўнае ў якой — ўсёдараванне. Але нельга не заўважыць, што гераіня апынулася не ў такім жудасным становішчы, як гэта падаецца. Магчыма, у нечым іншая, не такая распаўсюджаная сітуацыя, звязаная са школьнымі канфліктамі, дабавіла б больш інтрыгі ды нязвыкласці.

Між тым, размова спецыяліста-псіхолага са школьніцай мае важнае значэнне ў тэксце. Варта прывесці частку выказвання галоўнага героя: «Мікіта фанабэрысты, ганарлівы, занадта хваравіта прыняў тваю адмову патанцаваць з ім. Ён помсціць праз бяссілле. Магчыма, ён закаханы ў вас? Не ўсміхайцеся, усё можа быць. Ён па-свойму нешчаслівы, але помсіціць з-за такой дробязі… Абсурд. Юнацкі максімалізм. Вы ж карыстаецеся інтэрнэтам. Прага мімалётнай славы, поспеху не дае маладым спакою. А гэтыя вар’яцкія сэлфі на даху электрычкі, воданапорных вежах, выбачаюся, нават на ўнітазе — секундная слава. А блогеры?! Нічога святога. Вам адстойваць сваю пазіцыю — азлобіцца. Ёсць вялікая духоўная сіла ўсёдаравання…» Чаму Андрэй Дубрава звяртаецца да дзяўчыны то на «ты», то на «вы»? Якую рэакцыю ў даволі разумнай школьніцы, а яна, між тым, не існуе ў вакууме, можа выклікаць падобнае абвінавачванне ўсёй моладзі? У чым сувязь рэальнай праблемы чалавека, з якой, без сумневу, можа сутыкнуцца асоба любога ўзросту ў любым часе, з паводзінамі блогераў? Ці можа ў такім рэчышчы разважаць саракагадовы мужчына? Складваецца ўражанне, што аўтар не дасканала вывучыў рэальную работу псіхолага. Магчыма, такім чынам, дэманструецца, што Андрэй Дубрава не зусім прафесіянал сваёй справы, хоць часам і перачытвае падручнікі ды выкладае ў каледжы…

Непасрэдна тэрапія ў творы не апісваецца, герой наўпрост размаўляе з кліентамі, таму ніякіх адкрыццяў, разыначак, звязаных з пазнаннем душы чалавека, не знайсці. Але такая задача нібыта і не ставілася. Галоўнае для героя — пошукі маралі ў жыцці, але не столькі ў асабістым, колькі ў грамадскім. Нават пасля таго, як ад героя ўпершыню сышла жанчына, ён мала думае пра гэта. Яго развагі скіраваны на этыку, мараль, палітычнае і эканамічнае становішча, прытым усе яны падмацаваны фактамі. Раман цікавы гэтай канкрэтнасцю: аўтар згадвае назвы газет, тэлеканалаў, праектаў, імёны спевакоў (хоць чамусьці не называе «скандальна-папулярны» гурт з Германіі), выкарыстоўвае канкрэтныя падзеі, што на слыху ў Беларусі (абмеркаванне тэмы смяротнага пакарання, трагедыя ў Стоўбцах і інш.), аналізуе і робіць высновы, найважнейшая з якіх — вялікія грошы нельга зарабіць сумленна. Паняцці «час», «капіталізм» нясуць у творы яскрава негатыўную афарбоўку. Між тым пісьменнік не вяртаецца да мінулага, не ставіць у прыклад пэўны ранейшы перыяд. Галоўнае для яго — сумленне асобнага чалавека.

Пад канец хочацца зрабіць невялічкае адступленне пра тое, што ў выданні шмат пунктуацыйных памылак у афармленні цытат, а таксама арфаграфічных недакладнасцей, у іх ліку — правапіс «-тся» і «-ться» ў дзеясловах. Сустракаюцца і лексічныя недарэчнасці: ці мае права на жыццё выраз «радикальных предложений не предлагал»?

Час ад часу пісьменнікаў папракаюць тым, што яны скардзяцца на падзенне нораваў, але самі нічога не робяць, каб гэтае падзенне прадухіліць. У творы Георгія Марчука хапае канкрэтных прапаноў, і са значнасцю некаторых з іх складана не пагадзіцца. Іншая справа, як паставяцца чытачы розных пакаленняў і поглядаў да асноўнай ідэі ўсёдаравання, няхай яна і траслюецца ў найлепшых творах мастацтва і літаратуры?

Яўгенія ШЫЦЬКА

"Літаратура і мастацтва": http://zviazda.by/be/news/20200730/1596087151-zhanchyny-groshy-i-usyomagutnaya-maral