
28.07.2020 Новости
Пісьменнік, літаратуразнаўца, выдавец, перакладчык Аляксандр Наўроцкі (Варшава) светлай памяці жонкі, паэткі Барбары Юркоўскай прысвяціў цэлы нумар часопіса «Poezja dzisiaj» («Паэзія сёння») на трох мовах пад назвай «Письма Жене́ в мир иной». Удзелам у праекце адзначыліся і беларускія творцы, прадстаўнікі СПБ.
…Упершыню яны апынуліся ў Гродне ў 2017 годзе. Ён і яна. Сямейная пара ўжо немаладых, але вельмі энергічных творчых людзей, паэтаў з Варшавы. Аляксандр Наўроцкі і Барбара Юркоўска сталі ініцыятарамі супрацоўніцтва беларускіх літаратараў з польскім выдавецтвам «ІBiS». Той самы выпадак, які можна назваць працягнутай рукой дружбы з Еўрапейскага Саюза. Гродна пакарыў замежных калегаў зрэшты таксама, як і Брэст, і Мінск. Прапанова была прынятая намі. Вынікам супрацоўніцтва, якое вельмі хутка перарасло ў шчырую чалавечую дружбу, стаў цэлы шэраг добрых спраў. Гэта і рэгулярны ўдзел пісьменнікаў з Беларусі ў міжнародных літаратурных фестывалях у Варшаве два разы ў год – вясной і восенню. Гэта і выхад у варшаўскім выдавецтве «ІBiS» перакладных анталогій паэзіі з прыгожай сімвалічнай назвай «Масты». Гэта і неаднаразовыя публікацыі перакладаў на польскую мову твораў нашых калег у часопісе «Poezja dzisiaj» («Паэзія сёння»).
Паэтка, перакладчык, выдавец, мастачка Барбара Юркоўска была адным з самых актыўных удзельнікаў гэтых добрых спраў. Менавіта такія справы па сканчэнні многіх гадоў прынята называць гістарычнымі падзеямі, таму што толькі азіраючыся праз гады, параўноўваючы з іншымі рэаліямі, чалавек здольны даць ім аб'ектыўную ацэнку. У творчым асяроддзі немалаважным фактарам з'яўляюцца і асабістыя якасці чалавека. Менавіта гэты фактар у многіх справах становіцца вырашальным. Сваімі інтэлігентнасцю і абаяннем, пачуццём гумару і прастатой польскія літаратары Аляксандр Наўроцкі і Барбара Юркоўска выклікалі сімпатыю ва ўсіх нас. Можна не сумнявацца, што гэтая сімпатыя была ўзаемнай. Акрамя працы ў літаратурнай сферы, мы паспелі трапіць у іх прыватнае жыццё, пазнаёміцца і пасябраваць нефармальна.
…А потым была смерць. Пані Бася, як з непадробнай цеплынёй мы называлі Барбару Юркоўску, некалькі гадоў мужна змагалася з невылечнай хваробай. Але цуду не адбылося. Паэтка пайшла з жыцця 22 лютага 2020 года. Гэта стала шокам для ўсіх, хто ведаў гэтую жыццярадасную, спагадлівую жанчыну, таленавітую паэтку і мастачку. Мы да гэтага часу не можам паверыць, што яе больш няма.
Але ёсць памяць. Светлай памяці жонкі пісьменнік і выдавец Аляксандр Наўроцкі прысвяціў цэлы нумар літаратурнага часопіса «Poezja dzisiaj» («Паэзія сёння»). Гэта толькі пачатак вялікай працы па захаванні светлай памяці пра каханага чалавека, жанчыну-творцу, што стала верным сябрам для ўсіх нас. На старонках тэматычнага нумара польскага літаратурнага часопіса са сваімі прызнаннямі ў любові, лірычнымі прысвячэннямі памяці Барбары Юркоўскай, шчырымі, шчымлівымі словамі смутку і болю ад страты выступілі прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі: былы пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, паэт, аўтар і выканаўца песень Аляксандр Авяр’янаў; намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, руская паэтэса Любоў Красеўская; старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ паэтэса, перакладчык Людміла Кебіч.
Спачатку агульная справа – літаратура без межаў, а потым – памяць пра паэтэсу Барбару Юркоўску аб'ядналі творцаў з многіх краін: Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Венгрыі, Ізраіля, Расіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Балгарыі, ЗША, В'етнама... Геаграфія сяброўства стала геаграфіяй памяці… Сёння, калі наша дарагая Пані Бася ў іншым свеце, нам не застаецца нічога іншага, акрамя як быць годнымі яе памяці. Наўрад ці ў свеце людзей ёсць нешта больш каштоўнае, чым памяць. Выступленні прадстаўнікоў міжнароднай літаратурнай супольнасці таксама можна прачытаць на старонках спецыяльнага трохмоўнага нумара часопіса, аснова якога – успаміны Аляксандра Наўроцкага пад назвай «Лісты да Жонцы ў іншы свет». А наш свет жывых людзей чакае ад нас яшчэ больш любові і дабрыні ў адносінах адзін да аднаго.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК
Для даведкі:
Барбара Юркоўска (Варшава), паэтка, рэдактар, фатограф, графік, педагог і спецыяліст па этыцы. Зрабіла пераклады твораў прозы Івана Буніна і Таццяны Талстой, апублікаваныя ў шматлікіх літаратурных айчынных і замежных часопісах. Супрацоўнічала з многімі выдавецтвамі. Узнагароджана ордэнам Польскай акадэміі навук за дасягненні ў навуцы. Дыпламаваны настаўнік, сапраўдны член Славянскай Акадэміі літаратуры і мастацтва, Еўрапейскай Асацыяцыі культуры, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў, Саюза журналістаў Рэспублікі Польшча. У часопісе «Паэзія сёння» працавала адказным рэдактарам з дня яго заснавання. Суарганізатар Сусветных дзён паэзіі ЮНЕСКА і Міжнародных фестываляў славянскай паэзіі ў Варшаве. Вершы Барбары Юркоўскай былі апублікаваныя ў «Паэзіі сёння», у польскіх часопісах у эміграцыі, а таксама ў многіх анталогіях, выдадзеных у ЗША, Вялікабрытаніі, Беларусі, Балгарыі, Расіі, Літве, Грэцыі, Італіі, Германіі, Індыі, Польшчы і інш. Паэтэса ўдзельнічала ў многіх міжнародных паэтычных фестывалях па ўсім свеце.
Барбара Юркоўска – аўтар чатырох паэтычных зборнікаў: «Вяртанне»; «Карціны мора» (на польскай і англійскай мовах); «Паэзія даступная»; «Візітныя карткі» (на 8 мовах). Суаўтар кнігі «Якутыя і я». Адзін з ініцыятараў стварэння і рэдактар міжнародных анталогій паэзіі «Масты: Гродна – Варшава» і «Масты: Мінск – Варшава». Ганаровы сябра Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.