З юбілеем!


З юбілеем!

26.06.2020                                            Слово писателю


27 чэрвеня 2020 адзначае сваё 55-годдзе Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч.

Шаноўны Анатоль Мікалаевіч!

Саюз пісьменнікаў Беларусі шчыра віншуе Вас з юбілеем!

Няхай кожны дзень прыносіць Вам хвіліны радасці і задавальнення,

блізкія, сябры і калегі заўсёды падтрымліваюць Вашы ідэі і пачынанні,

напісаныя Вамі творы адгукаюцца ў сэрцах чытачоў удзячнасцю і павагай,

а натхненне будзе вечным спадарожнікам Вашага жыцця! 

Здароўя Вам, шчасця і дабрабыту!

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі

Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Заверша Драгічынскага раёна. Да 1978 года жыў у гэтай вёсцы і вучыўся ў Завершскай васьмігадовай школе. Заканчваў вучобу ў в.Рудск Іванаўскага раёну. Затым была вучоба ў Ржэўскім сельгастэхнікуме Цвярской вобласці на агранамічным факультэце, які закончыў у 1984 годзе.

З 1984 па 1986 гады служыў у войску ў гарадах Люберцы і Падольск Маскоўскай вобласці. Быў мастаком-афарміцелем. У 1986 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. У тым жа 1986 годзе ўладкаваўся на працу ў калгас «Светлы шлях» (в. Рудск) інструктарам па спорце і быў абраны сакратаром камітэта камсамола.

У 1987 годзе прыняты на працу карэктарам іванаўскай райгазеты «Чырвоная звязда». Хутка быў пераведзены на пасаду карэспандэнта газеты. Затым — загадчык аддзела, рэдактар раённага радыё, зноў загадчык аддзела газеты.

Адначасова публікаваў свае творы — паэзію і прозу ў рэспубліканскай маладзёжнай газеце «Чырвоная змена», літаратурных часопісах. У 1994 годзе ўбачыў свет у бібліятэчцы часопіса «Маладосць» празаічны зборнік «Права на ўсмешку».

У першай палове 1990-х працу ў райгазеце сумяшчаў з працаю ў часопісе маладых літаратараў «Першацвет», у якім курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці, пасля быў пераведзены ў газету «Народная воля» на пасаду ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці. У 1991 годзе заснаваў і некаторы час рэдагаваў газету «Іванаўскі гандлёвы веснік».

У 1992 атрымаў дыплом журналіста ў БДУ. З 1996 — уласны карэспандэнт рэспубліканскай маладзёжнай газеты «Чырвоная змена» па Брэсцкай вобласці і аглядальнік брэсцкай абласной газеты «Заря». У 2003 годзе некаторы час папрацаваў намеснікам галоўнага рэдактара абласной газеты «Народная трыбуна» і зноў вярнуўся на ранейшае месца ў «Зарю».

У студзені 2006 года абраны старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З 18 мая 2006 года — рэдактар газеты «Заря над Бугом» Брэсцкага раёна.

З 1 лютага 2007 года — вызвалены старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэтую працу сумяшчае з працай літкансультанта, вядучага літстаронкі «Зараніца» і аднайменнага літаб’яднання абласной газеты «Заря».

З 2008 па 2016 — галоўны рэдактар газеты «Чырвоная звязда» (цяпер «Янаўскі край») Іванаўскага раёна, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З 2016 — намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З 7 верасня 2017 года працаваў рэдактарам ДУ «Рэдакцыя ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе».

Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат прэміі часопіса «Маладосць» (1992), лаўрэат прэміі часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта «Беларуская думка» (2005). Узнагароджаны Ганаровай граматай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва» «За вялікую працу па прапагандзе творчасці пісьменнікаў Брэстчыны і за плённую дзейнасць у беларускай літаратуры і мастацтве». Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» (2009). Лаўрэат прэміі імя У, Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Проза» (2012), «Чалавек года 2014» Брэсцкай вобласці. Аўтар кніг «Права на ўсмешку» (Мінск, 1994), «Палескі Напалеон» (2001), «Параненыя мары» (2002), «Міхаіл Клімец.Кола лёсу» (2008), «Роднае, шчымлівае» (2012), «Хуліган» (2017).