
19.02.2017 Новости
Такую назву атрымала творчая вечарына вядомай беларускай паэтэсы, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Антонаўны Кебіч. Імпрэза была прысвечана выхаду яе новай кнігі “Рай для адзіноты” (Мінск, выдавецтва “Народная асвета”, 2016).
Творчасць Людмілы Кебіч – багатая скарбонка беларускай культуры, якая ўвабрала і апела шматлікія рысы народнага жыцця, старонкі гісторыі і быту простага народа, увасобіла яго ўнутраны свет, думкі і спадзяванні, штодзённыя і сакраментальныя. Увогуле гэта паэзія аб нас з вамі. Таму з’яўленне на палічках кнігарняў і бібліятэк новага здабытку – падзея ў культурным жыцці Гродзеншчыны. У цэнтры ўвагі паэткі – жаночая душа, лёс нашай сучасніцы, здольнай не толькі быць цвёрдай, рашучай, але і горача і пяшчотна кахаць, марыць, лунаць у аблоках, імкнуцца да прыгожага.
Пра гэта і не толькі ў сваіх выступах гаварылі ганаровыя госці прэзентацыі – крытыкі-літаратуразнаўцы: прафесар ГрДУ імя Я. Купалы Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч; кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Я. Купалы Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі; старшы выкладчык кафедры Святлана Мікалаеўна Тарасава. З выхадам новай кнігі паэтэсу павіншавала галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Іна Пятроўна Машканцава. Але галоўным матывам сваёй творчасці сама Людміла Кебіч лічыць тэму Радзімы, любові да бацькаўшчыны, да роднай мовы. Яе мастацкае слова нясе ў сабе зарад гэтага пачуцця, з'яўляючыся прыкладам эстэтычна-патрыятычнага выхавання моладзі. Менавіта гэтым тлумачыцца тое, што літаратурнае свята паэткі адбылося ў сценах адной з гродзенскіх школ (СШ № 38).
Святочная вечарына “Я з родных слоў вянкі звіваю…” сабрала мноства сяброў, калег-пісьменнікаў, прыхільнікаў літаратурнага таленту Людмілы Кебіч і атрымалася яркай музычна-паэтычнай імпрэзай. Слова заўсёды суправаджае гэтую жанчыну па жыцці разам з музыкай. Вянкі з родных слоў сталі ўпрыгожваннем свята не толькі ў форме прагучаўшай са сцэны пранікнёнай лірыкі, але і ў якасці тэкстаў песень, выкананых вучнямі і настаўнікамі школы, а таксама навучэнцамі і педагогамі Гродзенскага каледжа мастацтваў. Два песенныя творы па-майстэрску праспявала і сама паэтэса. Людміла Антонаўна ганарыцца сваім супрацоўніцтвам з гродзенскімі кампазітарамі: Ірынай Трацяк, Валерыем Кручковым, Аляксандрам Маркелавым. Але ж большасць з песень створана паэтэсай у сааўтарстве з Генадзем Іванавічам Кебічам.
Вельмі кранальна прагучаў экскурс у юнацтва паэтэсы, усхваляваў прысутных расповяд пра яе жыццёвы шлях. Святкуючы нараджэнне сваёй самай аб'ёмнай кнігі (больш за 570 старонак), яна і сама, святочна прыбраная і памаладзеўшая, зноў і зноў звярталася са сцэны да людскіх сэрцаў, вуснамі сваёй лірычнай гераіні заклікала людзей любіць адзін аднаго, любіць і берагчы той край, у якім мы жывем. Таму што мастацтва, якому Людміла Кебіч прысвяціла сваё жыццё, ёсць сродак дасягнення адзінай і галоўнай для ўсіх нас мэты – кахання.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК