На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'явілася спецыяльная рубрыка “Буктрэйлеры”


На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'явілася спецыяльная рубрыка “Буктрэйлеры”

20.05.2020                                        Литературный мир


Пакаленне, апаленае Вялікай Айчыннай, несла ў памяці яе жахі і, адраджаючы краіну да жыцця, паўтарала пра сябе: “Толькі б не было вайны”. Аднак час бязлітасны і часцяком сцірае не толькі сляды салдацкіх ботаў у дарожным пыле, але і памяць. Як жа сёння ўспрымае найвялікшую трагедыю чалавецтва ХХ стагоддзя маладое пакаленне?

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” запусцілі сярод саюзнай моладзі конкурс буктрэйлераў – кароткіх відэаролікаў, прысвечаных якой-небудзь кнізе.  

З ростам папулярнасці відэахостынгу Youtube выбар на карысць такой формы працы моладзі з кнігамі падаецца цалкам апраўданым. Бо стваральнікі ролікаў былі вымушаны не толькі прачытаць канкрэтныя творы, але і адчуць іх, зірнуць на тэксты вачыма рэжысёраў. Менавіта гэтая магчымасць “рэжысуры”, падачы вядомага, класічнага матэрыялу сродкамі выразнасці, зразумелымі сучаснаму пакаленню, і прыцягвае ў конкурсе ў першую чаргу. Лепшыя з работ створаны маладымі – для маладых, а таму не могуць не зацікавіць, не падштурхнуць да знаёмства з першакрыніцай. 

Кампетэнтнае журы ацэньвае працы ўдзельнікаў паводле шэрага параметраў: тэхнікі рэалізацыі ідэі, незалежнасці аўтарскага погляду, і, зразумела, сілы рэкламнага ўздзеяння. Адзначым, што адной з задач, якія стаяць перад конкурсам, з’яўляецца стварэнне калекцыі буктрэйлераў для далейшай перадачы ў бібліятэчную сістэму Рэспублікі Беларусь. Такая калекцыя, як нам здаецца, стане карыснай для працы з чытачамі – напрыклад, на тэматычных мерапрыемствах, сустрэчах з аўтарамі ці пасяджэннях кніжных клубаў.  

На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў спецыяльнай рубрыцы “Буктрэйлеры” будуць публікавацца некаторыя відэа з гэтай калекцыі. Кранальныя ў сваёй непасрэднасці, яны, магчыма, дазволяць і больш сталым чытачам па-новаму зірнуць на ўжо знаёмыя ім творы. А яшчэ – лепей зразумець сучасную моладзь. 

Нацыянальная бібліятэка Беларусі: https://www.nlb.by/by/news/buktreylery/