Напісаць раман за пяць простых крокаў


Напісаць раман за пяць простых крокаў

14.04.2020                                        Литературный мир


Хлусня, канечне. Не за пяць. І не самых простых.

Не існуе адзінага праверанага часам рэцэпта ў творчасці, што б вы ні стваралі — карціны, скульптуры або тэксты. Не існуе лёгкіх шляхоў да майстэрства, толькі праца, самаўдасканаленне і ўпартасць.
Увогуле рэцэпт існаваць і не можа, бо творчыя індывідуальнасці аўтараў звычайна досыць істотна адрозніваюцца адна ад адной. Магу аўтарытэтна паведаміць: пішуць розныя людзі — нечаканы паварот — па-рознаму. Хтосьці працуе з вялікай формай у адпаведнасці з храналогіяй, утвараючы тэкст, як па цаглінках, па раздзелах. Хтосьці піша «эпізодамі», прычым у самым адвольным парадку, а пасля знітоўвае напісанае «ўстаўкамі». Хтосьці піша кавалачкамі, POV-амі, перамяжаючы ўсё флэшбэкамі, скачучы па храналогіі назад і наперад. «Ліміт знакаў» у кожнага на дзень таксама розны: камусь зручна выдаць і 10 тысяч, хтось выціскае 3.
Адсюль выснова: нельга вучыць розныя індывідуальнасці на адзін капыл. Гэта будзе папросту шкодна. Альбо зусім апусцяцца рукі, або (нават горш) замест своеасаблівай творчай манеры пачнецца паўсвядомае перайманне ўмоўнага «настаўніка».

— А што ж тады рабіць? — спытаеце вы.
Адказ адзіны і досыць просты, насамрэч:
— Працаваць.

Так, не можа быць адзінага ўзору, не можа быць рэцэптаў, якія абавязкова прывядуць да поспеху. Але ёсць пэўны шэраг прыёмаў, дзякуючы якім можна ўдала працаваць над тэкстам і над сабою, удасканальвацца як аўтар. Калі вы прымеце гэтае сцверджанне, калі змірыцеся з тым, што хуткага выніку аніяк нельга чакаць, што вынік можа быць дасягнуты толькі самастойна, — тады нам ёсць, пра што размаўляць.
Такім чынам, практыкаванне 1. Глыбока ўдыхніце і паспрабуйце зірнуць на сябе як аўтара збоку.
Якія ў вас моцныя бакі? Што атрымліваецца лепей, а што — не надта? Ці добра валодаеце мовай? Ці добра ведаеце тое, пра што хацелі б напісаць? Што ўласна вы хочаце сказаць? На якога чытача арыентуецеся (то-бок хто ваш суразмоўца)? Колькі часу можаце працаваць з тэкстам, не стамляючыся? Наколькі ўдала правіце свае опусы?
І нарэшце галоўнае пытанне: вы дакладна ўпэўнены, што хочаце замахнуцца на вялікую прозу?

I. Падрыхтоўка да працы і Жудасны Чысты Ліст
(інструментарый)
У мяне ёсць знаёмыя, якія пачыналі свой аўтарскі шлях менавіта з раманаў. Вось так, з разбегу. Але, думаецца, гэты шлях таксама не для кожнага, і часта перад працай з вялікай празаічнай формай варта хаця б паспрабаваць сябе ў малой. Хаця б таму, што на прыкладзе невялікага апавядання зможаце пабачыць, наколькі хораша атрымліваецца прадумваць сюжэт, наколькі якасна ўтвараюцца вобразы. Таксама някепска было б паказаць камусьці свае літаратурныя штудыі: водгукі чытачоў часта дазваляюць пабачыць тэкст у нечаканым ракурсе. Рэкамендавала б і звярнуцца да рэдакцыі літаратурнага часопіса (скажам, «Бярозкі»). Каментар літаратурнага рэдактара, які атрымаеце, будзе ў любым выпадку карысны.
Праца літаратара ўнутраная. Ты, быццам рондаль на ножках, ходзіш сабе, а ўнутры варыцца, перамешваецца, булькае ідэйнае варыва. Ідэі сюжэтаў і персанажаў, змешваючыся са штодзённымі ўражаннямі, кіпяць у тваім чэрапе, ажно пакуль не даходзяць да належнай кандыцыі. А вось пасля…
А пасля перад табою белы аркуш паперы (ці вордаўская сімуляцыя на экране камп’ютара). І сам-насам з гэтаю падступнаю беллю многія губляюцца і заміраюць, баючыся яе патурбаваць.
Што важна, не варта міфалагізаваць чысты ліст. Не варта баяцца памылак, якіх яшчэ не існуе. Варта ўзяць ды пачаць. Бо ў кожным аўтары прыхавана нешта, што можа сказаць толькі ён. Так, як можа сказаць толькі ён. Памятайце пра гэта, калі пабачыце перад сабою чысты ліст, які вабіць і пужае адначасова.
Магчымасці заўжды трохі пужаюць, а чысты ліст — гэта квінтэсенцыя магчымасцей, увасабленне творчай свабоды.
Таму, калі не ведаеце, з чаго пачаць, пачніце з чаго-небудзь. Толкін, правяраючы студэнцкія работы (і адчайна нудзячыся ад «вады»), на чыстай паперчыне, гуляючыся, напісаў: «Была ў зямлі нара, а ў нары жыў хобіт». І з гэтай фразы, адной, простай, амаль выпадковай, пачалося цэлае падарожжа да далёкай гары са скарбамі і цмокам.
Аднак той, хто выпраўляецца ў падарожжа непадрыхтаваным, рызыкуе не атрымаць скарбаў, а толькі скласці някепскі сняданак (ці абед) для цмока. Таму не варта забывацца пра падрыхтоўку да працы, асабліва калі замахваецеся на вялікую празаічную форму.
Інструментарый у нас наступны.

1. Папярэдняе даследаванне тэмы. Фантазія сама па сабе — гэта выдатна. Але нават фантастычны свет не жывіцца толькі ёю і вымагае рэчыўных дэталяў, якія ўтвараюць «поле гульні» аўтара з чытачом. Напрыклад, калі сетынг утвараецца ў рамках класічнага «сярэднявечнага» фэнтэзі, пачытайце пра тагачасны побыт, пра строі, ежу, грамадскі лад, зброю ды розныя такія рэчы. Праўдападобныя дробязі, што атачаюць вашых персанажаў, робяць і іх, і свет вакол іх жывымі. Робяць «поле гульні» рэальнасцю (хай сабе і другаснай).
Частотная памылка тут, праўда, у тым, што аўтары не ашчадна выбудоўваюць свет з улікам тых жывых драбочкаў, а выліваюць на чытача як з вядра цэлыя энцыклапедычныя артыкулы. З сухою «навуковаю» мовай і (не)кароткімі даведкамі пра розныя не такія ўжо істотныя рэчы. Да душы, чытачу зусім няважна, як правільна называецца дзяржаўны лад у выдуманым вамі каралеўстве. А вось кароткі і эмацыйны каментар аднаго з персанажаў пра ўмоўнага феадала, або вынікі палітыкі нячыстых на руку магнатаў, або які-кольвек уплыў гэтага дзяржаўнага ладу на лёс пратаганіста ды сюжэт, — вось гэта якраз-такі можа даць чытачу вопыт непасрэднага перажывання.
У энцыклапедыях ніхто не жыве, а нам трэба, каб чытач верыў, што свет у кнізе жывы. Праўдзівы. Існы.

2. Аўтарскі асабісты ўнёсак. Кніг на сёння шмат. Вельмі шмат. Не ў апошнюю чаргу таму, што выдавецкая справа зрабілася куды больш даступнай: ёсць грошы — выдавайся. Ува ўсіх жанрах пішуць, і пішуць досыць актыўна (а часам, хоць не заўжды, яшчэ і якасна ды цікава). На гэтым агульным фоне цяжкавата вылучыцца, запомніцца. Таму варта прадумаць загадзя, што сваё, адметнае вы можаце прапанаваць чытачу, як можаце найлепей прэзентаваць сваю індывідуальнасць.
Гэта можа быць і нетрывільяны погляд на нейкую распрацаваную тэму, і нечаканая трактоўка традыцыйных вобразаў, і выкарыстанне не самай папулярнай міфалогіі падчас пабудовы мастацкага свету твора, і незвычайныя павароты, падавалася б, традыцыйнага сюжэту. Калі разглядаць увесь тэкст як адну вялікую «гульню з чытачом», то парушэнне звычайных правілаў гэтай гульні і неспадзяванкі часта ідуць на карысць, падаграваючы чытацкі інтэрас.
Тое ж тычыцца і стылістычных вышукаў. Незацяганыя метафары, яскравая вобразнасць, жывая нязмушаная мова — усё гэта пойдзе толькі на карысць тэксту. І, безумоўна, аўтару: чым болей працуеш з тэкстам, тым лепей працуеш.

3. Аўтарская сціпласць (таксама інструмент). Пра гэта часам варта нагадваць самому сабе. А менавіта: тэкст не пра вас. Не для вас. Не дзеля вас. Нават калі ад пачатку так падаецца. Нават калі вы пішаце крывёй уласнага сэрца.
Вы расказваеце гісторыю, вы хочаце быць пачутым, вы прагнеце ўвагі чытача. Таму і думайце пра яго, чытача. Гуляйцеся з ім у створаным вамі свеце, размаўляйце з ім праз сваіх герояў, праз сюжэтныя павароты. Але чытач хоча адказаў на свае, а не на вашыя пытанні, хоча бачыць герояў гісторыі, адсочваць іх прыгоды, дзівіцца таямніцам ды ўражвацца незвычайнымі прыгодамі.
Таму дайце яму гэтую магчымасць. Саступіце ўбок. Забудзьцеся пра ўсялякіх Мэры Сью ды Марці Сцью, гэтых аватараў аўтарскай боскасці ўнутры мастацкага свету. Забудзьцеся пра сябе: вы і без таго ствараеце тэкст з сябе. Кожны вобраз у тэксце і так драбочак вас.
Вы расказваеце гісторыю, не болей і не меней. Калі не будзе вас, гісторыю не раскажуць зусім або раскажуць не так. То цаніце гэта.
І думайце пра чытача.

4. Цэнтр сусвету (мастацкага). Згадваючы асаблівасці розных творчых індывідуальнасцей, я казала, што ўсе пішуць па-рознаму. Дадам яшчэ: усе і ствараюць па-рознаму. У кагосьці новы тэкст пачынаецца з аднаго яркага персанажа. У кагосьці — з агульнага ўяўлення пра сюжэт. Некага ж вабіць мастацкі свет увогуле, які паступова, па драбочках, паказваецца, складваецца як вялікая мазаіка.
У кожным з гэтых падыходаў ёсць свае плюсы. І насамрэч не так важна, што для вас знаходзіцца ў цэнтры (сэрцы) новага мастацкага сусвету, у ядры вашага твора. Галоўнае, каб ідэя, укладзеная ў тэкст, хвалявала вас, каб вы хацелі нечым падзяліцца. Каб вы любілі тое, што ствараеце.
Недалюбленае звычайна нежыццяздольнае.

5. Планаванне і рытм працы. І тое, і другое не пашкодзіць не толькі падчас працы з тэкстам. Але для таго, каб напісаць раман, хаця б прыблізны план неабходны — як, зрэшты, неабходны і працоўны расклад.
Раман не пішацца за адзін дзень. І нават за два. І нават за тыдзень. Нават калі не ўлічваць падрыхтоўчы перыяд, праца будзе досыць працяглая па часе, і да гэтага варта быць гатовым.
Рэкамендую прадумаць зручны расклад, выпрацаваць звычку да пісання ў пэўныя гадзіны. Праца «па натхненні», стыхійная, можа не толькі запаволіць вас, але і папросту прымусіць перагарэць да задумы, асабліва калі ўсё зацягнецца надоўга. Таму лепш за ўсё загадзя ўтварыць для сябе працоўную атмасферу ў канкрэтны час і сядаць за тэкст у любым настроі і стане: па вопыце, гэта той выпадак, калі «апетыт прыходзіць падчас ежы». Праз некалькі дзён такой працы можна ўвайсці ў рытм і прывучыць сябе да больш-менш арганізаванай работы з тэкстам.
У арганізаванасці надзвычай дапамагае планаванне работы на будучыню. Гэта можа быць і сцісла прапісаная сюжэтная канва (умоўна кажучы, шлях персанажаў з кропкі А ў кропку Б), гэта можа быць спіс асобных ключавых кропак на канкрэтны раздзел. Гэта нарэшце могуць быць апорныя словы ці пералік персанажаў, якіх патрэбна ўвесці на той або іншы момант.
Не будзем забывацца таксама, што вельмі карысна бачыць рэчыўны вынік, плён сваёй работы. Таму не варта пазбаўляць сябе гэтых маленькіх радасцей: адсочвайце, колькі было зроблена за дзень, занатоўвайце асобна. Так, дзень па дні вы будзеце бачыць свой несумненны прагрэс і натхняцца ім.
А значыць, працаваць куды больш аддана.

Падагульняючы сказанае вышэй, давайце звернемся да практыкавання 2.
Падумайце, якія гадзіны (хаця б 1-2) вы можаце ў сваім дзённым раскладзе вылучыць пад працу з тэкстам. Паспрабуйце прытрымлівацца такога раскладу хаця б тыдзень. Зрабіце накід сетынга, які вам даспадобы, падумайце, якія складнікі сетынга варта прапрацаваць дадаткова. Пастарайцеся ўтварыць кароткую схему падзей, звярніце ўвагу на іх сувязь ці ўзаемаабумоўленасць, лагічнасць.

І памятайце: лёгка не будзе. Але будзе цікава.
І тое, і другое абяцаю.

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ, ілюстрацыі Валерыі Дзятковай

http://www.dompressy.by/2019/11/01/napisac-raman-za-pyac-prostyx-kroka%D1%9E/