З юбілеем!


З юбілеем!

20.03.2020                                             Слово писателю


20 сакавіка адзначае свой 65-гадовы юбілей АНДРЭЙ ІВАНАВІЧ МАЗЬКО

 

Паважаны Андрэй Iванавіч!

 

Саюз пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкае абласное аддзяленне

СПБ сардэчна віншуюць Вас, таленавітага паэта i выдатнага чалавека, з юбілеем!

Жадаем Вам моцнага здароўя, доўгіх год жыцця i новых творчых дасягненняў.

 

 

 

Нарадзіўся 20.03.1955 г. у в. Упірава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Выхоўваўся і вучыўся ў Гарадзецкай, Жабінкаўскай, Пружанскай школах-інтэрнатах.

 У 1977 годзе закончыў з адзнакаю Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі ў Мінску і да 1982 года працаваў галоўным інжынерам калгаса “Кастрычнік” Іванаўскага раёна.

У 1996 годзе закончыў з адзнакаю Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Працаваў на дзяржаўнай службе ў Іванаўскім і Лунінецкім раёнах.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і другіх устаноў (2005 г.), Граматай Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2010 г.). За шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Лунінецкага раёна ўзнагароджаны Ганаровай граматай Лунінецкага раённага выканаўчага камітэта (2012 г.).

Двойчы ўдастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2006, 2011 гг.).

Узнагароджаны двума юбілейнымі медалямі: “60 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.” у 2005 годзе і “65 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.” у 2010 годзе.

Лаўрэат абласнога літаратурна-музычнага конкурсу, прысвечанага 60-годдзю Брэсцкай вобласці ў намінацыі “Паэзія” (1999 г.).

Піша на беларускай мове. Жыве ў Лунінцы.

 

АКСІЁМЫ

 

Шчасце - калі дарога

Зноўку дамоў вядзе.

Шчасце - калі трывога

Не адбярэ надзей.

 

Шчасце - калі жанчына

Любая ў хаце ёсць.

Шчасце - калі магчыма

Ціха стрыножыць злосць.

Шчасце - калі юначым

Сэрца гарыць агнём.

Шчасце - калі дзіцячым

Поўніцца смехам дом.

 

Шчасце - калі мы маем

Хлеб і да хлеба шчэ.

Шчасце - калі мне ў маі

Неба вясёлкі тчэ.

 

Шчасце - калі прарочу:

Горшае ўсё міне!

Шчасце - калі і ноччу

Не адзінока мне.

 

СПОВЕДЗЬ БЕЛАРУСА

 

Не даў мне Бог

Ні зайздрасці, ні злосці.

Хоць на зямлі я

Не ніжэй травы.

Перамывалі

І ламалі косці,

А я смяюся,

І таму-жывы.

 

Я - чалавек…

У гэтай кругаверці

Аб лепшым мару,

Горшае - цярплю.

Пакуль смяюся,

Ў пыл мяне не сцерці,

І не ўтаптаць

Падэшвамі ў зямлю.

 

Я – чалавек

І гонар не губляю:

Не злодзей, не гультай,

Не лізаблюд.

Ніколі іншым

Я не замінаю.

Сумленне маю -

Свой Вышэйшы Суд.

 

Грашу… Крыху…

Спакусы ёсць спакусы.

Хоць кажуць,

Я не кепскі сем’янін.

Бо хто цяпер,

Браточкі-беларусы,

Бязгрэшны тут?

Мо толькі Бог адзін.

 

І кожны дзень,

Які ў суседстве людзі,

Свой лёс, бы воз

Нагружаны, вязу.

Я - чалавек!

Было і гэтак будзе:

Сярод людзей іду,

А не паўзу.

 

ДОБРЫЯ СЛОВЫ КАЖЫЦЕ

 

Добрыя словы

Кажыце -

Век чалавека

Кароткі.

Людзі, людзей

Беражыце.

Будуць

Па кожным

Угодкі…

Добрых надзей

Не губляйце –

Сілы падвояцца

Верай.

Просіць убогі -

Падайце.

Вернецца

Большаю

Мерай.

Добрыя справы

Рабіце.

Шчодрымі станьце

Душою.

Людзі, людзей

Не губіце

Зайздрасцю,

Злосцю,

Маною.

Верце: мінуцца

Нягоды,

Свет падабрэе.

Так будзе!

Толькі жывіце

Заўсёды

Добрымі,

Добрыя

Людзі.

 

УСМІХНІСЯ

 

Хоць балюча,сіл не маеш,

Усміхніся…

Час мінае - боль сціхае

Удушы.

Ад тугі і ад адчаю

Адхіліся

І надзею, нібы свечку,

Не тушы.

 

Дык навошта хмурыш бровы,

Усміхніся.

Аб былым ніколі болей

Не шкадуй.

Зноў пачуй жывыя словы,

Адгукніся,

Уратуй ад смутку сэрца,

Уратуй.

 

Крок зрабі ад свайго дома -

Дзень іскрыцца,

А дарога пад цябе

Сама бяжыць.

І вядома ж, дзе надзея

Разгарыцца,

Уваскрэсне там жаданне

Зноўку жыць.

 

ЧАКАННЕ

 

Я ведаю, прыйдзе той час

Жаданай сустрэчы з табою.

Чароўная музыка нас

Узніме над грэшнай зямлёю.

 

І роспач адыдзе, і гнеў,

І смутак забудзецца горкі.

Святло падаруюць і спеў

Каханнем сагрэтыя зоркі.

 

І як у былыя гады

Святыя пачуцці мы ўзрушым.

Надоўга сальюцца тады

Гарачыя вусны і душы.

 

Ты дома. Чакаеш мяне.

Ты сніш, нібы скрыпнулі дзверы.

Ты верыш: разлука міне.

Разлука каханню - не мера.

 

ВЯСНА

 

Бяжыць рака, не ведае спачыну.

Зноў у яе свой клопат веснавы.

Шчарбаты бераг выставіў чупрыну

Прылашчанае сонейкам травы.

 

Іду цішком, ступаю асцярожна

На тонкае зялёнае руно.

А кнігаўкі заходзяцца трывожна -

Не турбавалі іх, відаць, даўно.

 

Чужому тут зусім яны не рады.

І не пускаюць у птушыны край.

Над галавой крылатыя армады

Гвалт узнялі, хоць вушы затыкай.

 

Чаго крычаць, калі я ім не вораг?

У іх правы птушыныя ўсё ж.

Я – дома. Па сваіх іду прасторах,

Дзе гойсаў у дзяцінстве басанож.