ПЯСНЯР МАСТАЦТВА БЕЗ МЕЖАЎ


12 сакавіка ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага выступіў госць з Мінска, паэт, бард Аляксандр Авяр'янаў

18.03.2020                                                          Новости 


12 сакавіка ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага з літаратурна-музычнай праграмай "Акорды вясновай паэзіі" выступіў госць з Мінска, паэт, бард Аляксандр Авяр'янаў. 

Для даведкi: Авяр'янаў Аляксандр Казіміравіч нарадзіўся 17 студзеня 1955 года ў горадзе Калінінград. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці "Электрычныя сістэмы"; спецфакультет замежных моў для дзяржслужачых Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта; з адзнакай – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці "Сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны" (валоданне мовамі – руская, беларуская, польская, англійская). Працаваў на розных пасадах у праектным інстытуце "Белэнергасецьпраект", у Мінэнерга Беларусі, у Апараце Урада Рэспублікі Беларусь, у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, у тым лiку гандлёвым прадстаўнiком, а затым і Амбасадарам Беларусі ў Польшчы. Паэт, музыкант, аўтар і выканаўца рамансаў, песень, п'ес для гітары. З дзіцячых гадоў граў у аркестры народных інструментаў (балалайка, домра, гітара), у розных самадзейных вакальна-інструментальных аркестрах. Лiтаратурныя творы публiкуюцца ў перыядычных выданнях, анталогiях i альманахах у Беларусi i за мяжой, перакладаюцца на польскую мову. П'есы для гітары публікуюцца ў часопісе "Беларуская гітара". Аўтар кнiг: "Мой счастливый билет: романсы, песни, стихи". Мiнск: "Попурри", 2010. - 140 с. на рускай мове; "Сон у камина: стихи и песни". Мiнск: "Попурри", 2013. - 160 с. на рускай мове; "Космос Квадрата Малевича: стихи". Мiнск: "Попурри", 2013. - 156 с. на рускай мове; "Мой друг гітара: романсы, песни, стихи". Варшава: "ІBiS", 2018. - 131 с. на беларускай i польскай мовах. 

Паэтам Гродзеншчыны пашчасцiла пазнаёміцца з Аляксандрам Казіміравічам Авяр'янавым некалькі гадоў таму на Мiжнародным фестывалi паэзii ў Варшаве, калі ён яшчэ ўзначальваў дыпламатычную місію Беларусі ў Польшчы. Пры актыўным садзейнічанні дыпламата, дзяржаўнага дзеяча і паэта ў варшаўскім выдавецтве "ІBiS" пабачылі свет дзве міжнародныя анталогіі паэзіі з удзелам паэтаў Гродзеншчыны – польска-беларуская i польска-прыбалтыйская. Назва гэтага міжнароднага культурнага праекта сімвалічная – "Масты". Няхай існуюць межы, няхай памiж намi вялiкiя адлегласці, але паэзія здольная духоўна ўзвысіць чалавека над усімі ўмоўнасцямі, аб'яднаць роднасныя душы творцаў з розных краiн i скараціць шлях да сяброўства паміж народамi. Вось такая яна, творчая дыпламатыя натхнення і асноўная ідэя праекта, ініцыятарам якога ў свой час выступіў наш госць. 

У Гродна Аляксандр Авяр'янаў прыязджае заўсёды з задавальненнем. Тут у яго нямала сяброў. Творца сам з'яўляецца ганаровым сябрам Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Гэтым разам Аляксандр Казіміравіч прыехаў з жонкай Аленай Эдуардаўнай, у асобе якой паэт бачыць крыніцу свайго натхнення і давярае адказную функцыю рэдактара. Калі глядзіш на гэтую прыгожую пару, пачынаеш разумець, чаму так шмат месца ў творчасці Аляксандра Авяр'янава адводзіцца тэме кахання. 

На сустрэчу з паэтам і бардам сабраліся аматары мастацтва, грамадскія і культурныя дзеячы нашага горада, прадстаўнікі розных пакаленняў. Вядучая iмпрэзы, старшыня ГрАА СПБ Людміла Антонаўна Кебіч прадставіла госця. Праграма мерапрыемства ўключала выступленні юных чытальнікаў, вучняў 10 "А" класа сярэдняй школы № 36 г. Гродна з польскай мовай навучання. У артыстычным выкананні дэкламатараў прагучалі вершы Аляксандра Авяр'янава на польскай мове. Творца сам чытаў вершы, спяваў песнi па-беларуску, па-руску, i гэта трэба было чуць! 

Песенная творчасць Аляксандра Авяр'янава разнастайная. У песнях аўтара меламаны маглі дакладна адрозніць прыкметы розных стыляў: блюз і раманс, рок і этна-фолк. Задуменныя балады змяняліся дынамічным драйвам; пяшчотная лірыка чаргавалася з драматычным надрывам. Слухачы апынуліся ва ўладзе цэлай палітры яркіх эмоцый. Песеннае мастацтва Аляксандра Авяр'янава выявіла сваю ўнiверсальнасць, – у ім кожны можа знайсці, адкрыць што-небудзь сваё, адпаведнае ўласнаму эстэтычнаму густу. Таму што сапраўдны майстар ніколі не паўтараецца; яго творчы дыяпазон гэта дазваляе. Дзякуючы ўласнай унутранай свабодзе, якой аўтар і выканаўца песень дзеліцца з аўдыторыяй, Аляксандра Авяр'янава можна назваць песняром мастацтва для ўсіх, мастацтва без межаў. Тэрыторыя яго творчасці абмяжоўваецца толькі адным крытэрыем – талентам. Але і ўспрыманне творчасці нашага сталічнага калегі, удзел у гэтым пранікнёным дыялогу на мове вобраза і пачуцця патрабуе ад сучасніка ўвагі і высокай асабістай культуры. Без гэтага немагчыма свабода ў творчасці, здольнасць адгукнуцца на яе, зразумець і годна ацаніць. Музычна-паэтычная iмпрэза "Акорды вясновай паэзіі"– красамоўнае таму пацвярджэнне. 

Яшчэ больш красамоўнымі былі гучныя, шчырыя апладысменты ў адрас творцы і цёплая салонная атмасфера сустрэчы, якая сагрэла людзей у непагодлівы дзень. Зразумела, што ў межах мерапрыемства адбылася прэзентацыя кніг Аляксандра Казіміравіча з аўтографсесiяй. Гродзенцы з захапленнем адгукнуліся на голас душы паэта, сардэчна дзякавалі, дарылі яму кветкі. Ад старшыні Савета Гродзенскага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі К. К. Знайдзінскага госць атрымаў запрашэнне прыняць удзел у XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у складзе польскай дэлегацыі. А дзверы Гродзеншчыны літаратурнай для Аляксандра Авяр'янава, нашага вернага сябра, паэта, барда i проста таленавiтага, iнтэлiгентнага чалавека адкрыты заўсёды. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ