Жанна Міус паўдзельнічала ў паэтычнай гасцёўні ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя Леніна


Жанна Міус паўдзельнічала ў паэтычнай гасцёўні ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя Леніна

17.03.2020                                                          Новости


Хто яны, людзі, зачараваныя словам? Тыя, каму найлепшым матэрыялам для творчасці служыць не фарбы, не ноты, не пластычная гліна, а жывое, трапяткое, яркае… людское слова. Ім – словам можна ляпіць, маляваць, агучваць любыя пачуцці, разнастайныя рэаліі жыцця. Галоўнае, каб ішло яно ад сэрца і на шляху сваім сустрэла другое сэрца – чуллівае, спагадлівае, цікаўнае.

“Зачараваная словам” – менавіта так называлася паэтычная гасцёўня, якая прайшла 11 сакавіка ў актавай зале Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна. Гасцявалі таленавітыя дзяўчаты, якія хутка адправяцца прадстаўляць Магілёўскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры са сваім кіраўніком – Бако Аленай Андрэеўнай – і паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Жанна Міус (Усцінава).

Пасля невялічкай прэзентацыі аб асноўных этапах літаратурнай біяграфіі, Жанна Віктараўна распавяла аб тым, з чаго пачалася ў яе зачараванасць словам. Прыгадала сваю настаўніцу беларускай мовы – Акружную Веру Васільеўну, так як менавіта яна першая заўважыла схільнасці будучай паэткі да вершаскладання, Валянціна Іванавіча Крыжэвіча – пісьменніка, куратара рубрыкі “Маладзік над Проняй” Чавускай раённай газеты “Іскра”, які ў свой час падтрымаў маладую творцу, запэўніў у наяўнасці сапраўднага таленту і прымусіў паверыць у свае сілы.

На сустрэчы гучала шмат беларускамоўных твораў паэткі з пейзажнай, філасофскай і інтымнай лірыкі: “Байкава. Мроі”, “Мае медуніʹды”, “Ішоў Настрой”, “Небавока”, “Клён у восені фаварытуʹе”, “На мяжы між каханнем і шчасцем”, “Мора Пяшчоты” і інш.

Тры самыя знаходлівыя і смелыя дзяўчыны: Мурашкіна Анастасія, Гарэлікава Яна, Качагарава Вікторыя прачыталі вершы  беларускіх класікаў Янкі Купалы, Петруся Броўкі і атрымалі ад пісьменніцы ў падарунак яе новую кнігу інтымнай лірыкі “Інтанацыя”, што пабачыла свет у мінулым годзе.

Напрыканцы сустрэчы Жанна Віктараўна пажадала дзяўчатам спраўдзіць сваю запеветную мару і перамагчы ў будучым саборніцтве аматараў роднага слова. Таксама прагучала запрашэнне ад паэткі не баяцца  спрабаваць свае сілы ў літаратуры, бо ёй заўжды патрэбны прыток новых талентаў, зачараваных прыгажосцю любага, мілагучнага, непаўторнага роднага слова.

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ