Спачуваем


Спачуваем

17.03.2020                                            Слово писателю


З сумам паведамляем, што 16 сакавіка 2020 года з жыцця сышла Ніна Дзмітрыеўна Кавалёва – таленавітая паэтка, моцны духам, светлы чалавек. Мы разам смуткуем і шчыра спачуваем родным і блізкім Ніны Дзмітрыеўны.

Ёсць людзі, жыццё і творчасць якіх не можа не ўражваць. Ніна Дзмітрыеўна была якраз такім чалавекам. На небасхіле беларускай паэзіі зорка Ніны Кавалёвай не згасне ніколі.

 

Ніна Дзмітрыеўна Кавалёва нарадзілася 28 ліпеня 1949 года ў в. Еськаўка Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Дрыбінскай сярэдняй школы паступіла на вучобу ў Аршанскае прафтэхвучылішча. Два гады вучылася там на ткачыху. Жыццё яе зламалася ў самым пачатку, але яна знайшла ў сабе сілы і прадоўжыла жыць.

«Да дваццаці аднаго года жыла нармальным чалавечым жыццём, – піша ў аўтабіяграфіі паэтка, – і раптам усё скончылася. Цяжкая хвароба прыкавала мяне да ложка». З гэтага часу для Ніны Дзмітрыеўна пачаліся цяжкія выпрабаванні. Усё было: і хвіліны роспачы, і першая радасць перамогі над сабой, над лёсам, над цяжкай хваробай.

Ва ўзросце 28 год Ніна Кавалёва пачала пісаць вершы. Яшчэ адна зорачка ўспыхнула на паэтычным Парнасе. Першыя яе вершы былі надрукаваны ў раённай газеце «Ленінскі шлях» у 1978 годзе. Затым пачалі з’яўляцца ў абласным і рэспубліканскім друку. Пазней яны былі ўключаны ў калектыўныя зборнікі «Первая встреча», «Надежда», «Петя Зяблик и его кораблик», «У кого какие сны».

У 1986 годзе Ніна Дзмітрыеўна атрымала кватэру ў Горках і пераехала жыць сюды разам з бацькамі. І тут, нягледзячы на хваробу, пачалося яе паўнацэннае жыццё. На яе кватэры праводзіліся сустрэчы са студэнтамі, школьнікамі, аматарамі паэзіі. У 1993 годзе пры падтрымцы Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея выйшаў першы зборнік яе вершаў «Напиток певчих птиц».

У 1997 годзе Ніну Дзмітрыеўну прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Зараз на яе рахунку 20 паэтычных зборнікаў для дарослых і дзяцей.

Ніна Кавалёва рэдка скардзілася ў сваіх вершах на лёс. Яе лірыка іскрыцца радасцю жыцця, мудрасцю і сэнсам. Гэта таму, што ў сваім горы яна ўмела быць шчаслівай:

Судьба счастливая моя!

Дано твоею властью,

На жизнь обиды не тая,

Воспеть чужое счастье.

Зборнікі Ніны Кавалёвай: “Напиток певчих птиц” (1993), “Вода-чудесница” (1994), “Черёмуховый лес” (1995), “Отдайте ближнему долги” (1996), “Есть у дождика подружка” (1998), “Ликующий полёт” (1999), “Моей души колокола” (2000), “Зов любви” (2003), “Хто галоўны на сяле” (2004), “Божья заповедь” (2005), “Васильковая кадриль” (2006), “Як рыбка з вадою” (2007), “Нарисуем всё про нас” (2007), “Кветкі Багародзіцы” (2008), “Са скрыпачкай ды з дудой” (2009), “Строится храм” (2010), “Лодка кахання” (2011), “Голас вякоў” (2013), “Двери милосердия” (2014), “Мы стали обелисками” (2015), “Голубая криница” (2016), “Ангел над колыбелью” (2017), “Я шагаю по земле” (2017), “Як купалі ў купелі” (2018).

 

Ніна Дзмітрыеўна назаўсёды застанецца жыць у нашых сэрцах.

Вечная памяць табе, сапраўдны паэце і сапраўдны чалавек.