Свята Слова і Кнігі


У сталічнай кнігарні “Светач” адбылася імпрэза “Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына”

16.03.2020                                                          Новости


У сталічнай кнігарні “Светач” адбылася імпрэза “Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына”, у якой прынялі ўдзел знакамітыя пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, выдаўцы, чый лёс звязаны з Берасцейшчынай, а таксама прадстаўнікі брэсцкіх абласной і гарадской улад.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ААТ “Белкніга”, выдавецтва “Беларуская Энцыкапедыя імя Петруся Броўкі”, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Сённяшняе свята Слова і Кнігі – гэта вынік шматгадовай, карпатлівай, грунтоўнай працы беларускіх краязнаўцаў, фотамастакоў, паліграфістаў, а кніжныя фаліянты – вечныя ахоўнікі нашай гісторыі, лёсу, памяці…

У Год малой радзімы на Брэстчыне было багата творчых імпрэз, прэзентацый, прысвечаных новым кніжным выданням. Унікальныя кнігі прыцягваюць чытача да сябе сілай сваёй мудрасці, становяцца каштоўнай крыніцай любові да роднага куточка.

З урачыстымі прывітальнымі словамі выступілі: Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзім Краўчук і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч.

Асоблівае месца на выставе было адведзена “Берасцейскай Бібліі”. Кожны з прысутных мог ёю палюбавацца, захапіцца і здзівіцца яе памерам і вазе. Дырэктар па навуковай і выдавецкай рабоце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша прадставіў сваю новую навуковую манаграфію, прысвечаную фаліянту, – “Асэнсаванне шэдэўра”.

Сярод важных энцыклапедычных выданняў былі адзначаны шматтомныя энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”, “Регионы Беларуси”, у якіх адпаведныя тамы цалкам прысвечаны Брэсцкай вобласці. У спісе юбілейных выданняў вылікую цікавасць выклікае энцыклапедыя “Брэст. 1000”, складальнікам якой з’яўляецца доктар гістарычных навук, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, прафесар Аляксандр Вабішчэвіч.

У 2019 гаду духоўная скарбонка Брэстчыны папоўнілася яркімі і двума змястоўнымі выданнямі: “Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры” берасцейскага гісторыка і краязнаўцы Валерыя Мароза і “Кветкавы край Беларусі” паэта Леніда Дранько-Майсюка, прысвечаны куточку радзімы аўтара – гораду Давыд-Гарадок. У выдавецтве “Беларусь” пабачылі свет кнігі “Беловежское диво” і “Царские охоты в Беловежской пуще. Страницы истории”, адзін з аўтараў якіх – беларускі арнітолаг і навуковец Мікалай Чаркас – выступіў на імпрэзе.

Дырэктар кніжнай сеткі “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч раскрыў галоўную інтрыгу дня, назваўшы тыя кнігі, якія найбольш ахвотна куплялі ў кнігарнях. Узнагароду атрымалі выдавецтва “Вышэйшая школа” – за выданне “Пінск. Палеская легенда” і ТАА “РІА “Вячэрні Брэст” – за кнігу “Брест. Мгновения спрессованы в столетья”.

Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры гісторыкам, пісьменнікам і краязнаўцам Валерыю Марозу, Анатолю Бензеруку, Анатолю Гладышчуку і Леаніду Несцярчуку, а яшчэ Падзяку калектыву Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага і Ганаровую грамату за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і распаўсюджванні энцыклапедычнага выдання “Брэст. 1000”, прысвечанага тысячагоддзю горада Брэста і значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфмармацыйнай палітыкі – першаму намесніку старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзіму Краўчуку.

Самыя светлыя, добрыя словы, пяшчотныя і шчырыя паэтычныя радкі на адрас роднай Брэстчыны гучалі з вуснаў вядомых пісьменнікаў Алеся Бадака, Леаніда Дранько-Майсюка, Раісы Баравіковай.

І, канешне, лілася мілагучная беларуская песня. Алесь Елісеенкаў выканаў аўтарскую песню на словы Алеся Бадака “Добрыя людзі”, а калектыў “Грамніцы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – народныя песні, запісаныя ў вёсцы Лобча Лунінецкага раёна.

Падчас такіх значных выніковых мерапрыемстваў глубока адчуваеш моцную сувязь паміж мінулым, сучасным і будучым і разумееш, як важна не згубіць духоўныя здабыткі нашых продкаў.

Загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага Ірына Жэлянгоўская выступіла з выдэапрэзентацыяй і расказала пра пісьменнікаў, якіх няма з намі, але яны пакінулі  багатую літаратурную спадчыну. Успомнілі Уладзіміра Калесніка, Яўгенію Янішчыц, Ніну Мацяш, Алеся Каско, Міколу Купрэева…

Краязнаўцаў можна па праву назваць археолагамі душы народа, бо дзякуючы іх працы мінуўшчына выбудоўваецца не толькі прадметна, але і праз пачуцці, думкі, страты і набыткі тых, хто жыў да нас, клапаціўся аб шчасці роднай зямлі...

У межах двухгадзіннай імпрэзы цяжка было ўзгадаць усе імёны і кнігі, прадстаўленыя на выставе. Але з года ў год узнікаюць новыя праекты, друкуюцца цікавыя выданні, праводзяцца сустрэчы з чытачамі, а гэта азначае, што падмурак духоўнага багацця ўмацоўваецца.

Наперадзе сталічных чытачоў чакаюць сустрэчы з творчасцю іншых абласцей Беларусі.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Фота – Анатоль БЕНЗЯРУК