У “Кнігарні пісьменніка” адбылася прэзентацыя выдання “Майстар шпіянажу” Сяргея Трахімёнка


У “Кнігарні пісьменніка” адбылася прэзентацыя выдання “Майстар шпіянажу” Сяргея Трахімёнка

11.03.2020                                                         Новости


Па чацвяргах два разы на месяц ў адкрытай пасля рамонту “Кнігарні пісьменніка” адбываюцца сустрэчы з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі. 5 сакавіка прадставіць сваю новую кнігу быў запрошаны Сяргей Трахімёнак.

Распачалося мерапрыемства візітоўкай-відэа пісьменніка, з якой запрошаныя маглі даведацца і пра біяграфію, і пра творчасць аўтара з вуснаў калег па пяры, літаратуразнаўцаў і таварышаў па службе. Прысутныя ўсміхнуліся, калі пачулі ад Сяргея Аляксандравіча такую гісторыю: калі ў яго выйшла толькі восьмая кніга, цыганка напрарочыла яму, што выданняў будзе пяцьдзясят. Менавіта таму цяпер, калі колькасць выдадзеных кніг набліжаецца да гэтай лічбы, ён не спяшаецца друкаваць нешта новае.

Пісьменнік расказаў гасцям пра тое, як ствараліся яго раманы, як даводзілася ехаць за 6.000 кіламетраў, каб адшукаць неабходныя для работы матэрыялы, як прататыпы змяняліся, каб стаць героямі кніг.

Не абышлося і без пытанняў аўтару. Прысутныя цікавіліся, ці было ў яго жаданне перапісаць нейкі твор з самага пачатку, адкуль з’яўляюцца сюжэты і, канешне ж, пра знакавую кнігу. “Калі б у мяне была знакавая кніга, я б ужо перастаў пісаць,” – адказаў Сяргей Трахімёнак.

На прэзентацыю новага выдання завіталі выкладчыкі і дзяўчаты-навучэнкі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусі. Курсанткі адзначылі, што ў іх навучальную ўстанову часта прыходзяць цікавыя асобы: пісьменнікі, скульптары, канструктары аптычных сістэм, воіны-інтэрнацыяналісты – і кожная такая сустрэча дазваляе не толькі адпачыць, пазбавіцца шэрані будзённасці, але і набыць новыя веды. І навучэнкі запыталіся ў аўтара, ці будзе карысным яго новы раман для курсантаў у плане адлюстраванне пэўных прафесійных парад. Адказ жа яны змогуць знайсці ўжо вельмі хутка, бо куратар групы ў сувязі з набліжэннем Дня жанчын падарыў ім “Майстра шпіянажу”. “Самае цудоўнае, што гэтыя кнігі з аўтографам аўтара пасля нас пойдуць па руках, бо чытанне – гэта тое, чым мы з калегамі займаемся ў вольны час і ад чаго атрымліваем задавальненне”, – расказалі дзяўчаты.

Да першакурснікаў філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж” Сяргей Аляксандравіч ужо прыходзіў з выступленнем, аднак новая кніга зацікавіла навучэнцаў – і таму яны з радасцю наведалі прэзентацыю, каб атрымаць яшчэ раз станоўчыя эмоцыі ад сустрэчы з пісьменнікам.

Мерапрыемства сагрэлі і песні пад гітару, і разыграныя выданні, і спадзяванне на тое, што “Кнігарня пісьменніка” яшчэ запросіць кожнага на дыялог з цікавымі аўтарамі. Таму сачыце за абвесткамі, дарагія чытачы!

Бажэна ГАНУШКІНА