“Свечка Маланні”


ІХ гісторыка-філалагічныя чытанні памяці Мікалая Анцукевіча (1892-1971) прайшлі ў гімназіі г. Лунінца

02.03.2020                                                         Новости


Верш, які прагучаў на ІХ гісторыка-філалагічных чытаннях памяці Мікалая Анцукевіча (1892-1971) у гімназіі г. Лунінца, адлюстраваў адзіныя пачуцці ўдзельнікаў – боль вайны і радасць Перамогі.

Свядома змяніла назву верша Антона Бялевіча (у аўтара – “Смерць Маланні”), таму што менавіта свечка ўвасабляе святло памяці. І ў нашых сэрцах застанецца 9-класніца з Жыткавіч Ксенія Рай, якая пранікнёна і кранальна данесла да сучаснікаў сімвал шматпакутнай Айчыны… Пачалася ж сустрэча з прыгадвання ваеннай славутасці – 45 год таму пад Лунінцам быў узведзены ўнікальны аэрадром, што мог прымаць любы від тэхнікі. Успамінамі аб службе падзяліліся ветэраны авіяцыі. Сын франтавіка Вялікай Айчыннай маёр Аляксандр Пятрэнка, якому таксама было наканавана набыць баявы вопыт у Афганістане, звярнуўся да вучняў:

– Перамогу заваявалі нашы бацькі, а абаранялі, у тым ліку, – і мы, афіцэры Савецкай і Беларускай арміі. Захавайце Перамогу для будучыні!

І быццам адказвалі на гэты заклік цудоўныя педагогі, якія кіравалі даследаваннямі ваенна-патрыятычнага напрамку сваіх выхаванцаў. 9-класнік Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага Яўген Заночкін (настаўнік Кацярына Корнева) паведаміў аб Халакосце ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі раёна. Вучні Жыткавіцкай гімназіі імя А.А. Ліхоты падрыхтавалі грунтоўныя выступленні аб мясцовым пагранічным атрадзе, што дзейнічаў у 1921-1941 гг., і аб земляках, якія выканалі свой воінскі абавязак на “неаб’яўленай вайне”.

Любоў да Радзімы – вялікай і малой – важней за храналагічныя даты, якімі б знакавымі яны ні былі. Аб археалагічных помніках і знаходках паведаміў вучань СШ №2 г. Лунінца Ягор Скрыбка (настаўнік Дзіяна Сладзінская). З нацыянальнымі славутасцямі пазнаёміла вучаніца Ельскай гімназіі (даклад “Слуцкія паясы”), з мясцовымі адметнасцямі – вучаніца Столінскай гімназіі. Узроставы цэнз удзельнікаў пашырыла выкладчык політэхнічнага каледжа Галіна Антановіч, прысвяціўшы выступленне 15-годдзю пабрацімскіх сувязяў паміж палескім Лунінцам і калінінградскім Палескам. Вядомы спявак быў выпускніком ліцэя – аб Максіму Каржу расказала 8-класніца гімназіі Валерыя Латышэвіч (настаўнік Ірына Дасько).

Святлом духоўнасці захапілі гімназістка з Ельска (прэзентацыя аб прападобнай Манефе Гомельскай) і 9-класніца Ліза Сыцэвіч (бібліятэкар Ірына Раманчук), якая даследавала “лунінецкі след” у лёсе святога Алексія Лельчыцкага. Асаблівую ўдзячнасць дзяўчынкам выказаў настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” протаіерэй Сергій Крышталь.

Прадстаўнікі гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ, раённых таварыстваў Беларускіх саюзаў: афіцэраў і ветэранаў органаў пагранічнай службы ўзнагародзілі граматамі шэраг дакладчыкаў. Дырэктар гімназіі г. Лунінца Аляксандр Грушэўскі ўручыў удзельнікам чытанняў дыпломы памяці Мікалая Анцукевіча, на прыкладзе гісторыка і філолага падкрэсліўшы:

– Вялікія даследаванні можна зрабіць і ў маленькім горадзе…

Захапленне і працавітасць, што вядуць да шырокай вядомасці, увасабляла Наталля Мурко – відэазапісы выканання ёю песень “Мой родны кут” і “Лунінецкі вальс” аздобілі чытанні. Вядучая – настаўнік Ірына Грушэўская нагадала аб 29-ым лютага, калі спявачка святкавала дзень нараджэння. У ліку прыхільнікаў таленту незыбыўнай лунінчанкі быў Алег Анцукевіч – ураджэнец Лунінца, доктар сацыяльных навук, які захаваў творчую спадчыну бацькі, сёлета адзначыў бы 90-годдзе… Кіраўнік дэлегацыі з Ельска запрашала старых і новых сяброў на Гомельшчыну:

– Прагнем выказаць такую ж любоў да гасцей, што заўсёды атрымліваем у Лунінцы!   

Таццяна КАНАПАЦКАЯ