ЛЮБІЦЕ І ШАНУЙЦЕ СВАЁ, РОДНАЕ!


У Гомелі ў Міжнародны дзень роднай мовы сустрэчы з чытачамі  праходзілі ў радыёэфіры. І не толькі

24.02.2020                                                         Новости


У Гомелі ў Міжнародны дзень роднай мовы сустрэчы з чытачамі  праходзілі ў радыёэфіры. І не толькі. 

На Гомельшчыне шырока адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы, у розных акцыях прынялі ўдзел звыш 20 пісьменнікаў рэгіёну. Гэтаксама ў святкаванні актыўны ўдзел прыняў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

Так, кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі  прыняў удзел у прамым эфіры абласнога радыё. Ён падзяліўся з радыёслухачамі сваімі думкамі аб стане беларускай мовы ў грамадстве, пашырэнні яе выкарыстання  ва ўсіх сферах жыцця, падкрэсліў і ролю пісьменнікаў Гомельшчыны, якія пішуць цікавыя мастацкія творы па-беларуску і знаходзяць свайго чытача. У прыватнасці, літаратар падкрэсліў значны ўнёсак у папулярызацыю роднай мовы і чытання пісьменнікамі Васілём Ткачовым, Соф’яй Шах, Валянцінай Кадзетавай-Арэставай, Міхасём Слівай, Міхасём Болсунам, Нінай Шкляравай, Тамарай Кручэнка, Ганнай Атрошчанка і многімі іншымі творцамі, якія жывуць на Гомельшчыне і плённа працуюць на ніве прыгожага пісьменства.

Акрамя гэтага, Уладзімір Гаўрыловіч адказаў на пытанні як журналістаў гомельскага радыё, так і радыёслухачоў: размова ішла пра творчыя акцыі, якія ладзіць пісьменніцкая арганізацыя, літаратурныя конкурсы і форумы для моладзі, аматараў мастацкай творчасці, пра развіццё фестывальнага, у тым ліку і міжнароднага, літаратурнага руху. Напрыклад,  пісьменнік прызнаўся, што марыць аб тым, каб старажытны Гомель атрымаў у перспектыве статус літаратурнай сталіцай краіны. І мара гэтая небезпадстаўная, хаця б таму, што на тэрыторыі Гомельшчыны нарадзіўся першы беларускі і агульнаславянскі асветнік і паэт Кірыла Тураўскі, а ў савецкі час – чатыры народныя пісьменнікі Беларусі; тут, пачынаючы з 2005 года пісьменніцкая арганізацыя праводзіць унікальны форум – міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”,  пры чым з кожным годам геаграфія ўдзельнікаў гэтай падзеі, а гэта вядомыя літаратары і маладыя аўтары, пашыраецца і пашыраецца.  Ужо, дарэчы, пісьменнікамі вобласці распачата падрыхтоўка і яшчэ да аднаго фестывалю – адкрытага міжрэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”.

У прамым эфіры як Уладзімір Гаўрыловіч, так і радыёслухачы чыталі вершы, прысвечаныя роднаму слову, вялі гутарку пра багатыя духоўныя традыцыі беларускай зямлі, якія трэба беларусам захоўваць і берагчы, як зрэнку вока, і, безумоўна, развіваць, а таксама паўсюдна прапагандаваць сваё, беларускае, у тым ліку і па-за межамі краіны, праз сяброўскія кантакты з людзьмі добрай волі іншых славянскіх краін. Прыклад такога ўзаемапранікнення літаратур – Міжнародны моладзевы фестываль паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы”, які вырас са “Славянскіх літаратурных дажынак” і з’яўляецца, бадай што, самым лепшым літаратурным фестывалем Расійскай Федэрацыі, які аб’ядноўвае творчыя намаганні як пісьменнікаў-прафесіяналаў, так і творчай моладзі…

Старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі таксама прыняў ўдзел ў літаратурнай сустрэчы, якая ладзілася ў бібліятэцы-філіяле №7 імя Якуба Коласа і мела назву “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай” і таксама была прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Багацце беларускай мовы, творчае жыццё Гомельшчыны і Палескага краю, малой радзімы пісьменніка, – сталі асноўнымі тэмамі яго гутаркі з навучэнцамі ўстановы адукацым “Гомельскага дзяржаўнага каледжу чыгуначнага транспарту Беларускай чыгункі”.

Акрамя гэтага, літаратар прэзентаваў юным чытачам сваю новую кнігу “Агледзіны”, выдадзеную Гомельскай епархіяй па выніках перамогі пісьменнікам ў конкурсе “Праваслаўе – мая надзея”:

– Гэта зборнік апавяданняў, напісаных у розныя перыяды творчасці, але кожны твор аб’ядноўвае адно: дабрыня і спагада паміж людзьмі. Мне, як аўтару, хацелася б, каб людзі ў любых сітуацыях заставаліся людзьмі разумнымі, – падкрэсліў аўтар.  І дадаў, што “… многія з твораў нясуць у сабе рысы аўтабіяграфічнасці, як і апавяданне, якое дало назву зборніку…”

Пісьменнік чытаў будучым чыгуначнікам урыўкі з мастацкіх твораў, адказваў на пытанні моладзі і іх настаўнікаў, а на завяршэнне творчай сустрэчы падараваў свае новыя кнігі “Палешукі” і “Агледзіны” як чытачам бібліятэкі, так  і чыгуначнага каледжа, са словамі: “Любіце і шануйце сваё, роднае. Толькі яно можа сагрэць і дапаможа выстаяць, выжыць у цяжкую хвіліну!”

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

На здымках: у час творчых сустрэч у Міжнародны дзень роднай мовы.