Слоўнік тэм


У Гродзенскай грамадскай літаратурнай школе адбыўся першы занятак з новага цыкла

20.02.2020                                                         Новости


19 лютага 2020 года ў Гродзенскай грамадскай літаратурнай школе на базе офіса Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адбыўся першы занятак з новага цыкла, прысвечанага зместу літаратурнага твора. На лютаўскім занятку гаворка ішла пра паняцце тэмы твора як мастацкай з'явы. 

Паняцце тэмы ў цэнтры ўвагі нашых аўтараў аказалася невыпадкова. Бо ўсе мы яшчэ са школьнай пары спрабавалі ствараць мастацкія тэксты на зададзеную тэму. Якая ж роля гэтага паняцця і гэтай з’явы ў працэсе літаратурнай творчасці? 

У занятках прынялі ўдзел: прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення арганізацыі Людмілай Антонаўнай Кебіч; група вучняў сярэдняй школы № 39 г. Гродна пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Эмы Уладзіміраўны Урублеўскай; кіраўнік Гродзенскага гарадскога літаратурнага аб’яднання “Надежда”, паэтэса Святлана Глембоцкая; самадзейныя літаратары, сябры нашага творчага саюза. Сустрэча складалася з трох блокаў – тэарэтычнага, практычнага і аналітычнага. 

У рамках першага, тэарэтычнага блока ўдзельнікі нашага грамадска-адукацыйнага праекта пазнаёміліся з вызначэннямі паняццяў “тэма” і “тэматыка”, з іх асноўнымі відамі, а таксама пастараліся ўразумець, якія мастацкія сродкі неабходныя аўтару для раскрыцця той ці іншай тэмы. На працягу другога і трэцяга блокаў заняткаў, аўтары пастараліся замацаваць атрыманыя веды на практыцы шляхам стварэння літаратурных твораў-экспромтаў, пасля чаго ахарактарызавалі іх тэматыку, тэмы і сродкі, выкарыстаныя імі для раскрыцця абранай тэмы. 

Важнасць новага этапу работы Гродзенскай грамадскай літаратурнай школы, прысвечанага зместу літаратурнага твора, была падкрэслена ўжо на першым занятку з гэтага тэматычнага цыкла. А выступленні слухачоў школы на актуальныя і нават вострыя тэмы сталі каштоўным матэрыялам для выкарыстання ў далейшым творчым пошуку. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ

Фота Анатоля Апанасевіча