Жыватворная крыніца


Творчая сустрэча з беларускімі пісьменнікамі прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы г. Лепеля

20.02.2020                                                         Новости


Міжнародны дзень роднай мовы паклікаў у чытальную залу цэнтральнай раённай бібліятэкі г. Лепеля аматараў беларускай народнай гаворкі як жыватворнай крыніцы аптымізму і натхнення ў паўсядзённым жыцці. На сустрэчу з членамі ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міколам Гарбачовым і Святланай Якубоўскай, а таксама ўдзельнікам народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток” раённага Дома культуры Анатолем Сергіёнкам сабраліся як людзі сталага ўзросту, так і моладзь, школьнікі.

З уступлым словам выступіла бібліятэкар Тамара Бароха, якая падзялілася сваімі асабістымі ўражаннямі аб вялікай сэнсавай глыбіні, прыгажосці, слоўнай разнастайнасці і адметнасці нашай роднай беларускай мовы, карані якой ідуць у глыбіню стагоддзяў.

З самага пачатку цікавай і змястоўнай літаратурнай імпрэзы цёплы, лірычны настрой яе ўдзельнікам быў створаны дзякуючы захапляльнаму прагляду і праслухоўванню вядомай эстраднай песні Алёны Ланской “Куточак Беларусі”, зроблены з дапамогай вялікага манітора камп’ютара з стэрэагукаўзмацняльнікам.

Лагічным працягам творчай сустрэчы неабыякавых людзей, шчыра закаханых у сваю малую Радзіму, стала ўразлівае, эмацыйнае чытанне сваіх новых вершаў Святланай Якубоўскай пад вельмі красамоўнымі назвамі “Сэрца матулі”, “Васількі”, “У далонях вясны закіпае чаромха…”, “Адны ў нас, любы, колеры вясны…” і “Якое шчасце проста жыць…”, кожны з якіх перапыняўся апладысментамі ўдзячных слухачоў.

Пісьменнік, публіцыст Мікола Гарбачоў коратка распавёў аб змесце сваіх чатырох кніг прозы “Таямніцы мінулага”, “Ліхалецце і стварэнне”, “Чалавек з ціхім голасам” і “Шлях да ісціны”, якія пабачылі свет у выдавецтвах Мінска ў 2013-2019 гадах, а таксама аб амаль чыстай беларускай літаратурнай мове, якая гучала ў 60-я і 70-я гады дваццатага стагоддзя ў яго роднай вёсцы Аношкі Лепельскага раёна, дзе праходзілі тады яго дзяцінства і юнацтва.

На заканчэнне літаратурнай сустрэчы свае беларускамоўныя вершы прачытаў малады мясцовы паэт Анатоль Сергіёнак, хаця і яго творы ўжо добра вядомы далёка за межамі Лепельшчыны, друкаваліся ў абласных калектыўных зборніках і перыядычным друку, знайшлі станоўчы водгук у сэрцах землякоў.

Мікола ГАРБАЧОЎ