Свята напярэдаднi cвята


Прэзентацыя кнігі Людмілы Кебіч

17.02.2020                                                         Новости  


13 лютага 2020 года чытальная зала Гродзенскай гарадской бібліятэкі № 10 была перапоўненая. Аматары сучаснай паэзіі сабраліся на прэзентацыю кнігі Людмілы Кебіч "Бэзавы дом".

Па прызнанні самой Людмілы Антонаўны, зборнік паэзіі "Бэзавы дом" – кніга, прысвечаная самаму дарагому, што ёсць у чалавека, – вобразу Радзімы, вялікай і малой, адзінай і непаўторнай. Тэма Радзімы стала магістральнай для творчасці вядомай беларускай пiсьменнiцы з горада над Нёманам. Таму на сустрэчы з паэтэсай, празаікам, перакладчыкам, публіцыстам было шмат добрых слоў сказана ў адрас гарадскога пасёлка Краснасельскі, што ў дзесяці кіламетрах ад Ваўкавыска, дзе яна нарадзілася і вырасла. Вобраз малой радзімы выражаецца не толькі ў катэгорыях геаграфіі. Гэта яе вялікая і дружная сям'я – браты, бацькі, вобраз якіх усё жыццё служыць прыкладам, крыніцай натхнення, светлым праменьчыкам памяці на жыццёвым шляху. 

Мерапрыемства прайшло ў арганізаваным гарадской бібліятэкай № 10 чытацкім клубе "Цені Пегаса", у якім сустрэчы з гродзенскімі літаратарамі, прэзентацыі новых кніг ужо сталі традыцыйнымі. У вершаванай форме прадставіў паэтэсу кіраўнік клуба, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Пётр Сямінскі. Людміла Антонаўна расказала пра кнігу "Бэзавы дом", пра яе асноўную ідэю і кампазіцыю. З вуснаў аўтара прагучалі вершы з усіх раздзелаў зборніка. Вершы са зборніка  "Бэзавы дом" чыталі таксама  юныя прыхільнікі паэзіі, вучні СШ № 13. У праграме сустрэчы з паэтэсай і яе новай працай літаратурныя старонкі чаргаваліся з музычнымі. Так, кіраўнік клуба творчай інтэлігенцыі "Грані", аўтар і выканаўца песень Аляксандр Закрэўскі на галоўны твор  зборніка, які даў назву кнізе, верш "Бэзавы дом" напісаў музыку і прачула выканаў новую песню. 

Выступленнi паэтэсы і ўсіх удзельнікаў творчай вечарыны сустракаліся цёплымі апладысментамі. Дарэчы, згодна з бібліятэчнай статыстыкай, кнігі паэтэсы карыстаюцца попытам і не залежваюцца на паліцах. У сваіх прамовах cябры і калегі шчыра прызнаваліся ў тым, што для іх значыць паэзія Людмілы Кебіч. Адным з галоўных для яе з'яўляецца матыў адзінства, – як пацверджанне ў паэтычных радках з новай кнiгi вельмі часта сустракаецца слова "разам". І ў гэтым таксама ўся Людміла Кебіч, яе творчая і грамадзянская пазіцыі. 

Яскравым доказам музычнасці паэзіі Л.А.Кебiч стала выступленне жаночага вакальнага ансамбля "Валошкi" (мастацкi кiраўнiк Анатоль Iванавiч Кунiцкi), а таксама ўдзел у iмпрэзе Народнага аматарскага калектыву, тэатра песні "АртКласс ИнДиго" Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (салiсткi Крысцiна Дзерман, Карына Ромыш i Валерыя Капытова; мастацкi кiраўнiк Iна Сцяпанаўна Дзiдарава) з выкананнем песень на словы паэтэсы. Сваю (мужчынскую) інтэрпрэтацыю песнi "Туман" (словы i музыка Людмiлы Кебiч) прапанаваў прыхільнік творчасці паэтэсы, самадзейны выканаўца Мiкалай Iванавiч Алекса. Нікога з прысутных не пакінуў абыякавым музычны падарунак ад ансамбля народнай песні "Сучасны гармонік" (мастацкі кіраўнік Іван Аляксандравіч Шчурко). 

Прыемнай нечаканасцю стаў удзел у мерапрыемстве гасцей з горада Нясвіж. Паўнамоцны прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў (МАПП) у Рэспублiцы Беларусь Зоя Мікалаеўна Кулік-Капуста ўручыла Людміле Антонаўне Кебіч членскае пасведчанне асацыяцыі і запрасіла гродзенскую паэтэсу да супрацоўніцтва. Сяброўскiя пародыi прысвяцiў паэтэсе Пётр Сямiнскi. У адзінстве сваiх пачуццяў удзельнікам і гасцям свята ўдалося стварыць непаўторную кранальна-хвалюючую атмасферу роднасцi, духоўнага сваяцтва. Яе сапраўды можна параўнаць з адчуваннем утульнага дома або дружнай сям'і. 

Прэзентацыя кнігі Людмiлы Кебiч "Бэзавы дом" адбылася напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы i таксама стала святам – днём роднага паэтычнага слова ў горадзе над Нёманам. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ

Фота Анатоля Апанасевiча