Літаратурная вандроўка да Міжнароднага дня роднай мовы з удзелам Міхася Пазнякова адбылася ў бібліятэцы № 22 г. Мінска


Літаратурная вандроўка да Міжнароднага дня роднай мовы з удзелам Міхася Пазнякова адбылася ў бібліятэцы № 22 г. Мінска

17.02.2020                                                         Новости 


“Цудоўная родная мова” – літаратурная вандроўка да Міжнароднага дня роднай мовы з удзелам беларускага паэта, празаіка, перакладчыка і мовазнаўцы Міхася Пазнякова.

11 лютага бібліятэка № 22 арганізавала і правяла мерапрыемства для школьнікаў 6 “В”, “Д” і 7 “Е” класаў СШ№ 9 да Міжнароднага дня роднай мовы (21.02).  Беларуская мова з’яўляецца нашай спрадвечнай, матчынай мовай. Багатая літаратурная спадчына нашай рэспублікі ўзнікла менавіта дзякуючы захаванню старажытнай і вельмі прыгожай беларускай мовы і яе росквіту. Шмат паэтаў прысвячаюць свае творы менавіта беларускай мове і параўноўваюць яе гучанне з перазвонам ручаёў і спевамі птушак.

Да нас у госці завітаў вядомы паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, мовазнавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій Міхась Паўлавіч Пазнякоў.

Загадчык бібліятэкі Каржанеўская Аляксандра Міхайлаўна пазнаёміла прысутных з біяграфіяй і літаратурнымі дасягненнямі пісьменніка. Міхась Пазнякоў піша для дарослых і – з асаблівым задавальненнем – для дзяцей. Яго вершы для дзяцей уключаны ў падручнікіі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі. На словы паэта напісана шмат песень, асабліва для дзяцей.

Міхась Пазнякоў чытаў свае займальныя, даступныя, добрыя вершы, скарагаворкі, загадваў загадкі, уручаў прызы.

Школьнікі зачытвалі вершы аўтара, задавалі яму пытанні. Напрыканцы сустрэчы  знакаміты пісьменнік  пажадаў прысутным дзецям быць уважлівымі, добра вучыцца, шмат чытаць і прыслухоўвацца да парад сваіх бацькоў і настаўнікаў.

На памяць пра сустрэчу ўсе жадаючыя атрымалі кнігі з аўтографам пісьменніка, а сам Міхаіл Паўлавіч атрымаў творчы падарунак ад дзяцей, які ўручыла настаўніца Лапко Людміла Іванаўна са словамі падзякі.

Мерапрыемства надоўга запомніцца вучням. Дзякуючы такім сустрэчам школьнікі, безумоўна, навучацца больш любіць і паважаць родную мову, беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

КАРЖАНЕЎСКАЯ А.М., загадчык бібліятэкі       

Фота аўтара