Вершы пра Перамогу, родную зямлю і дзяцінства: магілёўскія пісьменнікі на Міжнароднай кніжнай выставе


Вершы пра Перамогу, родную зямлю і дзяцінства: магілёўскія пісьменнікі на Міжнароднай кніжнай выставе

12.02.2020                                                         Новости


Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзякуючы падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, штогод прымае ўдзел у Міжнароднай кніжнай выставе ў горадзе Мінску.

7 лютага магілёўскія пісьменнікі прапанавалі жыхарам сталіцы - наведвальнікам выставы паэтычную праграму “Крылаў неба бяскрайні размах”. На пляцоўцы Саюза пісьменнікаў Беларусі магілёўцаў гасцінна сустрэла гаспадыня - першы намеснік старшыні СПБ Алена Анатольеўна Стэльмах. Падчас імпрэзы гучалі вершы, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Радзіме і... дзяцінству.

“Дзе цябе адшукаць, песня роднай зямлі…” – шчырымі радкамі пра Радзіму адкрыў прадстаўленне старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Аляксандр Мікалаевіч Казека.

Далей, у выкананні тэатральнай студыі “В точку!” ДУА “Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №1”, прагучалі радкі з паэмы Алеся Казекі “Марыйка”, вершы Валянціны Габрусевай “Пах Бацькаўшчыны”, “Зіхаціце, зоркі”, “Мая зямля”.

Паэтка Вольга Бялова прачытала свой верш ваеннай тэматыкі “Хто тут пахаваны?”, таксама ў яе выкананні прагучалі філасофскія вершы-роздумы Віктара Кунцэвіча (“Небам трэба дыхаць”, “І няма ярчэй агня”), Сяргея Рынкевіча і Алеся Казекі.

Незвычайна быў прадстаўлены блок дзіцячых вершаў. Распачаўся ён вершам Клубничное лето Марыны Сліўко, пасля вызваў цікавасць чытачоў коткай, якая згодная з усім, каб прыманіць чалавека (“Кошка готова на все, что угодно”, Алена Кісель). А потым юныя артысты студыі “В точку!” разыгралі тэатральныя мініяцюры на вершы з кнігі Жанны Міус “Владушкины пальчики” і “Странные детки”.

“Крылаў неба бяскрайні размах” – ляці! У добры шлях! Да наступнай Міжнароднай кніжнай выставы.

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ