Беларуская зямля – лёсу майго суквецце


Творчая імпрэза прадстаўнікоў Віцебшчыны на міжнародным кніжным форуме

07.02.2020                                                         Новости


5 лютага ў дзень адкрыцця XXVII міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу на ёй пачала працаваць і асобная пляцоўка “Слова пісьменніка”,  на якой члены ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” знаёмілі шматлікіх наведвальнікаў і ганаровых гасцей гэтага вельмі прэстыжнага і прадстаўнічага кніжнага форуму са сваёй творчасцю. Першым ганаровае права гэта зрабіць было прадастаўлена Віцебскаму абласному аддзяленню ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале са старшынёй Тамарай Красновай-Гусачэнка.

З усіх куткоў Прыдзвінскага краю, вельмі шчодрага на літаратурныя таленты, прыехалі ў сталіцу нашай краіны сучасныя паэты, а з імі і народны вакальна-інструментальны ансамбль “Гагарынскія музыкі” з Аршанскага раёна. Паэты Віцебшчыны плённа супрацоўнічаюць з гэтым творчым калектывам, вынікам чаго становяцца глыбокія па змесце і бадзёрыя, аптымістычныя па форме песні, якія ствараюць выдатны настрой, дапамагаюць людзям жыць і працаваць.

У рэпертуары “Гагарынскіх музыкаў” маецца шмат і народных мелодый. У выніку ўвазе аматараў друкаванага слова, якія сабраліся ў той дзень ў Мінску на міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, была прэзентавана арыгінальная, нестандартная праграма пад назвай “Беларуская зямля – лёсу майго суквецце”, якая складалася з асобных вершаваных выступленняў паэтаў, пасля кожнага з якіх гучала эстрадная песня.

Гэта выклікала вялікую цікавасць, паступова сабрала вакол пляцоўкі ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” шматлікіх удзячных гледачоў, сярод якіх можна было пабачыць нават дыпламатаў з розных краін свету.

Тут найбольш актыўна выказвалі сваё задавальненне, узнагароджвалі апладысментамі прадстаўнікоў Віцебшчыны Надзвачайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў і Часова павераная ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў нашай дзяржаве Джэніфер Мур.

Наогул нікога не змаглі пакінуць раўнадушнымі вершы Тамары Красновай-Гусачэнка, Міледзія Кукуця, Ірыны Радзіхоўскай, Аляксандра Раткевіча, Алены Федзяевай, Пятра Буганава і Святланы Якубоўскай.

Напрыканцы творчай імпрэзы са словамі шчырай удзячнасці ў адрас дэлегацыі Віцебскай вобласці выступіў старшыня ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Чаргінец.

Яшчэ доўгі час пасля зробленай своеасаблівай, адметнай прэзентацыі сваёй творчасці не пакідалі гасцінную прастору XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу члены Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, якія актыўна знаёміліся з кніжнымі навінкамі міждзяржаўнага форуму, сустракаліся і гутарылі, абменьваліся меркаваннямі аб літаратурных здабытках са сваімі калегамі па пяры з іншых абласцей Беларусі і горада Мінска.

Мікола ГАРБАЧОЎ