Каму патрабуецца сёння паэт? Сустрэча з гродзенскай пісьменніцай Л. Кебіч прайшла ў Мінску


Каму патрабуецца сёння паэт? Сустрэча з гродзенскай пісьменніцай Л. Кебіч прайшла ў Мінску

25.11.2019                                                         Новости


17 лістапада ў Народным клубе паэтаў і кампазітараў “Жывіца” (кіраўнік – Ірына Карнаухава) пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці адбылася сустрэча з Людмілай Кебіч.

Людміла Антонаўна перш за ўсё паэтэса, але ў яе творчым багажы ёсць і празаічныя творы (“Дамінанты лёсу” –  аўтабіяграфічная аповесць, а назва “Гродна – горад каралёў” кажа сама за сябе), і тры зборнікі песень (дарэчы, музыку да ўсіх у “Словах прызнання” напісаў гродзенскі музыка і кампазітар Генадзь Кебіч), і дзіцячыя выданні, на якія натхнілі аўтара чатыры ўнукі.

Удзельнікам клуба – жывічанам – госця прэзентавала выдадзены ў гэтым годзе паэтычны зборнік “Бэзавы дом”. Цікавая гісторыя з’яўлення верша з такой назвай, які ў сваю чаргу даў найменне ўсяму зборніку: аднойчы прахожы спытаўся ў Людмілы Антонаўны, дзе знаходзіцца бэзавы дом, і папрасіў паказаць да яго дарогу. Жанчына  спачатку разгубілася, ужо крышку пазней здагадаўшыся, што гаворка ідзе пра той дом, дзе жылі яе бацькі – менавіта ён і быў пафарбаваны ў фіялетава-ружовы колер.

З цікавасцю прысутныя слухалі вершы пра  вёсачкі, дзе жылі бабулі і дзядулі паэтэсы, пра Гродна, дзе жыве і працуе зараз яна сама, падарожжы па Беларусі і за мяжу. Не абмінула аўтар і тэму кахання, творы музычнай тэматыкі. Надоўга запомніцца ўсім і найактуальнейшы ў наш час іранічны верш “Паэт і повар”, напісаны з вялікай любоўю да майстроў слова.

Натхнёныя цудоўнай паэзіяй, сябры клуба задавалі госці шмат пытанняў: пра сям’ю, творчасць, горад Гродна – на якія яна з задавальненнем адказвала, шчыра дзялілася сваімі эмоцыямі і ўспамінамі.

Скончылася сустрэча песнямі Людмілы Антонаўны ў яе ж выкананні. Але хіба ж скончылася? Спадзяёмся, гэта быў толькі пачатак сяброўства і творчага супрацоўніцтва пісьменніцы з “Жывіцай”, таму што якраз тут мы кожны раз абвяргаем думку, што ў сучасным прагматычным свеце  “Патрабуецца повар, і ніколі – паэт”.

Бажэна ГАНУШКІНА

Фота аўтара і Андрэя Сямёнава