У Мінску падвялі вынікі конкурсу “Бацькаўшчына светлая мая”. Сярод пераможцаў – прадстаўнікі Віцебшчыны


У Мінску падвялі вынікі конкурсу “Бацькаўшчына светлая мая”. Сярод пераможцаў – прадстаўнікі Віцебшчыны

06.11.2019                                                         Новости 


“Бацькаўшчына светлая мая” – гэты радок класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча стаў метафарай літаратурнага конкурсу, прысвечанага Году малой радзімы, які з кастрычніка 2018 года па верасень 2019 года праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам “Маладосць”. Паводле Палажэння аб конкурсе, заяўкі прымаліся па дзвюх намінацыях (“Паэзія” і “Эсэ”) у трох узроставых катэгорыях (да 16 гадоў, ад 16 да 35-ці гадоў, ад 35 гадоў і старэйшыя) на дзвюх мовах: беларускай і рускай. За гэты час прафесійнае журы на чале з вядомым беларускім паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаным дзеячам культуры нашай краіны Міколам Мятліцкім атрымалі 868 вершаў і эсэ ад 346 аўтараў. Штомесячна падводзіліся вынікі, якія абвяшчаліся ў радыёпраграме “Добры вечар” і лепшыя творы на працягу года друкаваліся ў часопісе “Маладосць”.

5 лістапада ў Вялікай студыі Дома радыё ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў, якія прыехалі з усёй Беларусі. З прывітаннем да іх звярнуліся галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага Радыё Антон Васюкевіч і дырэктар-галоўны рэдактар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда” Павел Сухарукаў.

Лепшыя з лепшых аўтараў атрымалі Дыпломы лаўрэатаў і фіналістаў літаратурнага конкурсу і памятныя падарункі, выказалі шчырыя словы ўдзячнасці, прачыталі свае вершы і ўрыўкі з празаічных твораў.

Сярод узнагароджаных дастойна была прадстаўлена і Віцебшчына. Былі ўшанаваны Анастасія Камісарава, Марына Куцавол, Арына Борбат, Таццяна Доўгая, Дар'я Забавіна, Серафіма Бестава з Оршы, Таццяна Трашчынская-Сцяпушына з Віцебска, Яўгенія Барысёнак з Полацка, Тамара Талкачова з Наваполацка, Анатоль Перхальскі з горада Глубокае, Надзея Кожар і Таццяна Луткоўская з Расон, Людміла Ардынская з аграгарадка Радзюкі Шаркаўшчынскага раёна, у тым ліку Дыпломам фіналіста літаратурнага конкурсу і памятным падарункам была адзначана паэтэса, член ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Якубоўская з горада Лепеля.

 Мікола АЗЁРНЫ, Віцебскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”