“Тры дакрананні да вечнасці”


У Нацыянальным гістарычным музеі падвялі вынікі конкурсу “Славутыя імёны маёй малой радзімы”

05.11.2019                                                         Новости


Так назвала запамінальныя сустрэчы ў сталіцы настаўніца СШ №2 г. Лунінца Наталья Валер’еўна Харытановіч, якая расказала:

– Беларускі фонд культуры запрасіў педагогаў, бібліятэкараў, журналістаў на ўрачыстасць, дзе былі адзначаны пераможцы рэспубліканскага краязнаўчага конкурсу “Славутыя імёны маёй малой радзімы”. Узнагароды ўручаў старшыня БФК Тадэвуш Стружэцкі, якога з радасцю павітала духмяным караваем з лунінецкай зямлі. Сярод заснавальнікаў творчага спаборніцтва была газета “Звязда” – шмат “інфармацыі для развагі” даў удзельнікам галоўны рэдактар Павел Сухарукаў. Уручаны яму лунінецкі сувенір з юбілейнай сімволікай, спадзяюся, будзе выклікаць у сталічных журналістаў пазітыўныя адносіны да нашага раёна. Пашчасціла і на знаёмства з вядомым беларускім пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. Чытаем яго творы, раім вучням ажыццяўляць адкрыцці Беларусі праз яго кнігі. Асабістыя ўражанні ўзбагацяць успрыняцце творчасці гэтага аўтара.

Імпрэза адбывалася ў Нацыянальным гістарычным музеі. Дырэктару Паўлу Сапоцьку ўручана кніга “Лунінецкая памяць. Дадатак 6. Мелясніца: погляд з Грані” – выданне прадставіла складальнік Таццяна Канапацкая. Скарысталіся магчымасцю наведаць некалькі выстаў галоўнейшага сховішча даўніны. Самае вялікае ўражанне пакінуў экспазіцыйны праект “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”.

Амаль 25 год выкладаю беларускую мову і літаратуру, але ўпершыню пабывала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Дакрануцца да тых жа дзвярэй, якія адкрываў нацыянальны класік, павесіць куртку на тую ж вешалку, што засталася ад гаспадара дома і вось ужо 60 год трымае адзенне гасцей… Гэтыя пачуцці не перадаць некалькімі словамі. Яшчэ больш эмоцый выклікала экскурсія па музеі: пакоі, дзе жыў народны пясняр, рэчы, якімі ён карыстаўся … Больш за ўсё ўзрушана сустрэчай з нявесткай і ўнучкай Якуба Коласа – Аляўціна Цімафееўна і Вера Данілаўна Міцкевічы неаднаразова наведвалі Лунінец, захавалі добрыя ўспаміны аб нашым горадзе і яго жыхарах.

Захопленая зносінамі з асобамі, якія належаць да творчай эліты краіны, мару і сваіх вучняў пазнаёміць з вечнымі каштоўнасцямі.

Запісала Таццяна ВАСІЛЬЕВА. Фота іерэя Іаана Гарбунова

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси