МІЖНАРОДНАМУ АГЛЯДУ-КОНКУРСУ ЛІТАБ’ЯДНАННЯЎ КРАІН СНД – БЫЦЬ!


Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” запрасіў фіналістаў Першага адкрытага агляду-конкурсу літаратурных аб’яднанняў і літаратурных клубаў Беларусі, Расіі і Украіны

25.10.2019                                                         Новости


У гарадскую бібліятэку імя Герцэна Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” запрасіў фіналістаў Першага адкрытага агляду-конкурсу літаратурных аб’яднанняў і літаратурных клубаў Беларусі, Расіі і Украіны.

Такі конкурс (ён праходзіў у рамках 14 Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі-2019) быў праведзены ўпершыню 13 верасня на беразе Сожа (санаторый “Машынабудаўнік”).  Удзельнікамі праекта, які распрацаваў і ажыццявіў Уладзімір Гаўрыловіч, сталі 10 літаратурных аматарскіх аб’яднанняў і клубаў Беларусі, Расіі і Украіны. Усяго ў міжнародным аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел звыш 60 удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў і літаратурных клубаў трох краін.

Гран-пры ў трох намінацыях дасталіся літаратурным аб’яднанням са Старадуба (Бранская вобласць), Няклінаўскага раёна (Растоўская вобласць) Расіі, а таксама літаратурнаму аб’яднанню “Пралеска” з Гомельскага раёна.

Па ацэнцы выступоўцаў, якія прысутнічалі на выніковым літаратурным мерапрыемстве, прысвечаным гэтаму цікаваму агляду-конкурсу, гэта было незвычайнае свята Слова, якое кранула сэрцы многіх аматараў мастацкай творчасці. Міжнароднае журы, якое ўзначаліў старшыня Смаленскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Алег Дарагань, акрамя адзначаных у час фестывалю літаб’яднанняў-пераможцаў, вырашыла дадаткова заахвоціць і персанальнымі ўзнагародамі 22 удзельнікаў з беларускага боку і 12 з украінскага і расійскага. І спецыяльныя дыпломы за подпісам кіраўнікоў трох пісьменніцкіх арганізацый Беларусі, Расіі і Украіны, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, пад апладысменты прысутных уручыў прадстаўнікам беларускіх літаратурных аб’яднанняў. А тыя як удзячнасць, як напрыклад, Аляксей Скачкоў з Добруша, падаравалі арганізатарам вечарыны цудоўныя музычныя і паэтычныя віншаванні.

Разам з тым, усіх удзельнікаў мерапрыемства цікавіла: а ці будзе такая выдатная ініцыятыва мець працяг у будучым.

- Так, мы прынялі такое рашэнне. Другому акрытаму Міжнароднаму агляду-конкурсу аматарскіх літаратурных аб’яднанняў быць, зараз распрацоўваецца яго новае палажэнне і ўмовы. Так што  міжнароднае свята на гомельскай зямлі прадоўжыць сваю “прапіску”, - падкрэсліў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

Завяршылася цікавая падзея цёплымі словамі прывітання і пажадання творчых поспехаў усім літаратарам Гомельшчыны і Беларусі, аўтарам-пачаткоўцам у ажыццяўленні новых творчых задум.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”