Узнагарода за творчае гарэнне


Зінаіда Дудзюк стала лаўрэатам прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму

14.10.2019                                                          Новости


У Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску напярэдадні Дня работнікаў культуры адбылося ўшанаванне прадстаўнікоў гэтай галіны. Сярод узнагароджаных – паэт, празаік, драматург, перакладчык Зінаіда Дудзюк.

Быў агучаны зварот міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара да ўдзельнікаў сустрэчы, у якім адзначалася вялікая адказнасць беларусаў за захаванне сваёй ідэнтычнасці ў свеце шляхам зберажэння культурнага багацця папярэдніх пакаленняў.

Потым слова мела старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава.

– Асветніцкі характар вашай дзейнасці нясе ў сабе святло і любоў, прыгажосць і дасканаласць, спрыяе захаванню і прымнажэнню культурнай спадчыны нашай краіны, – падкрэсліла яна, звяртаючыся да супрацоўнікаў галіны. – Ваша праца не мае цаны. Кожны з вас заслужана лічыцца ўвасабленнем творчасці і таленту. У гэты святочны дзень дазвольце выказаць вам шчырую падзяку за нязгаснае творчае гарэнне і адданасць сваёй справе.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Таццяна Філімонава ўручыла дыпломы лаўрэатам прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. І ў намінацыі “Літаратура, журналістыка, крытыка” ўзнагароду атрымала паэт, празаік, драматург, перакладчык Зінаіда Дудзюк. Віншуем!

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ

Фота з сайта ДУ “Белорусский культурный центр  духовного Возрождения”

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси