На хвалі добрага настрою


Адбылася прэзентацыя кніг “Огорошки” вядомага мастака і пісьменніка Сяргея Волкава і “Апельсин” паэтэсы Іны Фраловай

09.09.2019                                                          Новости


На пачатку навучальнага года ў краме Белсаюздруку, што на Плошчы Перамогі, адбылася прэзентацыя кніг “Огорошки” вядомага мастака і пісьменніка Сяргея Волкава і “Апельсин” паэтэсы Іны Фраловай. Разам з наведвальнікамі крамы завіталі на творчую пляцоўку і навучэнцы 4 “Б” класа сталічнай гімназіі №7.

Дзеці разам з аўтарамі развучвалі лічылкі, разгадвалі загадачкі і практыкаваліся вымаўляць скарагаворкі. Агарошылі пісьменнікаў сур’ёзнымі пытаннямі. А напрыканцы імпрэзы, пасля адмысловай “паэтычнай зарадкі”, прыдумалі ўсе разам сваю гісторыю.

Каляровымі фламастарамі Сяргей Анатольевіч па-майстэрску хутка і ярка “занатоўваў” сустрэчу. Проста на вачах у здзіўленай дзіцячай аўдыторыі ажылі добра вядомыя кніжныя героі. Таксама на памяць аб сустрэчы мастак уручыў дзецям паштоўкі з малюнкамі, якімі ён аздобіў старонкі дзіцячых кніг.

Дарэчы, акрамя ўжо ўзгаданых “Огорошек”і “Апельсина”, у шматлікіх выдавецтвах як нашай краіны, так і за яе межамі з-пад яго пэндзаля іх выйшла больш за трыста.

Не абышлося без падарункаў ад арганізатараў імпрэзы.

Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве Мінскага гарадскога аддзялення СПБ і РУП Белсаюздрук. 

Ганна СТАРАДУБ

Фота Васіля Кулікова