Сцвярджаючы дабрыню


У жніўні свой 80-гадовы юбілей адзначыў паэт, публіцыст, заслужаны журналіст Георгій Тамашэвіч

27.08.2019                                                          Новости


75-годдзе – вельмі шаноўны ўзрост, сведчанне багатага вопыту юбіляра. Ён – выдатная нагода азірнуцца на перажытае, зробленае, а таксама з надзеяй і радасцю паглядзець у будучыню. Так, у жніўні сёлета свой 80-гадовы юбілей адзначыў паэт, публіцыст, заслужаны журналіст Георгій Тамашэвіч.

Спярша Георгія Сцяпанавіча віншавалі ў абласным выканаўчым камітэце як творчага чалавека, які ўнёс свой вялікі ўклад у развіцце і станаўленне Брэстчыны, а потым яшчэ адным падарункам (адным з многіх!) стала кніжная выстава “Сцвярджаю дабрыню...”. Яна адкрылася 1 жніўня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, чыім даўнім і верным чытачом, а таксама сябрам з’яўляецца юбіляр.

Выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы прысвечаны творчасці пісьменніка, ілюстрацыяй якой сталі ўласныя кнігі аўтара; выданні, рэдактарам і ўкладальнікам якіх ён быў, і артыкулы, апублікаваныя ў часопісах «Маладосць», «Беларуская думка» і газетах «Заря», «Народная трыбуна», «Нясвіжскія навіны»... Другі раздзел выставы – “Аб жыцці і дзейнасці” – складаецца з кніг, артыкулаў з часопісаў і газет, фатаграфій з асабістага архіва пісьменніка і фотаархіва бібліятэкі. Кніжная выстава будзе экспанавацца увсеь жнівень – ёсць яшчэ час пазнаёміцца з ёю!

Не абышлося, вядома ж, і без непасрэднай сустрэчы чытачоў з аўтарам з нагоды яго юбілею. Яна адбылася 21 жніўня ў тым жа аддзеле бібліятэкі імя Горкага і пачалася з агляду названай вышэй выставы. Мерапрыемства правяла галоўны бібліятэкар аддзела Алена Бельская.

Многа цёплых, пранікнёных слоў прагучала ў гэты дзень на адрас шаноўнага юбіляра. Выступілі старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, пісьменнікі Аляксандр Валковіч, Зінаіда Дудзюк, Аляксандр Юдзіцкі, Аляксей Скакун, Любоў Красеўская.

Напрыканцы мерапрыемства Георгій Тамашэвіч, Аляксей Скакун і Аляксандр Юдзіцкі падарылі ў фонд бібліятэкі свае кнігі і пакінулі аўтографы на памяць.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага