Мой ліпень, медазбор гадоў маіх…


Вечар памяці “Мой ліпень, медазбор гадоў маіх…” Анатоля Іванавіча Шушко

25.07.2019                                                          Новости


Ніхто  не ўмее плакаць, як паэт.
Ніхто, як ён, – удзячна  пасміхацца.
Ніхто, як ён, пераўвасобіць свет,
Каб у адзінавечным памыляцца.
А.Шушко

2019 год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвешчаны Годам малой радзімы. І менавіта ў гэты год кожны з нас павінен не толькі ўспомніць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць абавязак роднаму куточку зямлі, аддаць абавязак людзям, якія сваёй працай і творчасцю праславілі сваю малую радзіму…

Наш зямляк, Анатоль Іванавіч Шушко – таленавіты паэт, Майстар высокага слова, самабытны аўтар. Гэты цудоўны чалавек пайшоў з жыцця ў росквіце сілы ў мінулым годзе, 19 ліпеня яму споўнілася б 65 год… Хоць пра такіх, як ён, не кажуць у мінулым часе – ён жыве ў бясцэннай спадчыне літаратурных твораў.

Анатоль Іванавіч Шушко нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Красная Слабада Салігорскага раёна. Але дзіцячыя і юнацкія гады яго прайшлі ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна. Упершыню вершы Анатоля Шушко былі надрукаваны ў часопісе “Бярозка”  і  ў газеце “Піянер Беларусі”. Пачаткам жа сапраўднага паэтычнага мастацтва сам Анатоль Іванавіч лічыў публікацыю падборкі вершаў у штотыднёвіку “Літаратура і Мастацтва”. Першая кніга “Выток і прычасце” выйшла ў 1994 годзе ў Мінску, у бібліятэцы часопіса “Маладосць”. Другая кніга “Шаны”, назву якой дала родная аўтару вёска Сташаны ўбачыла свет толькі праз 17 год пасля выдання першай кнігі.  “Сэрцу соладка, ясна, трывожна”, такую назву даў Анатоль Іванавіч Шушко сваёй трэцяй кніге. Ён падрыхтаваў яе, ведаючы, што наўрад ці ўжо ўбачыць выданне, складаў яе са сваёй жонкаю, вернаю спадарожніцай Любоўю Міхайлаўнай, якая годна і завяршыла намечанае да 65-годдзя з дня нараджэння паэта. Анатоль Іванавіч пісаў выдатныя вершы, час ад часу друкуючы іх у рэгіянальных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, у тым ліку ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, у калектыўных зборніках, у газеце “Літаратура і мастацтва”.

Менавіта 19 ліпеня, у дзень нараджэння паэта, у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я.Янішчыц прайшоў вечар памяці “Мой ліпень, медазбор гадоў маіх…”. На працягу вечара вядучая расказвала пра жыццёвы і творчы шлях паэта, гучалі вершы Анаталя Іванавіча ў выкананні супрацоўнікаў раённай бібліятэкі. Аддаць даніну павагі паэту прыехалі ганаровыя госці, старшыня і намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Таццяна Анатольеўна Дземідовіч і Любоў Мікалаеўна Красеўская. Яны адзначылі што, Анатоль Іванавіч – адзін з самых самабытных і яркіх паэтаў сучаснасці.

Усіх кранула выступленне жонкі паэта Любові Міхайлаўны, якая рассказала як Анатоль Іванавіч рыхтаваў сваю трэцюю кнігу “Сэрцу соладка, ясна, трывожна”. Вершы для зборніка аўтар адбіраў даволі доўга і рупліва. У асноўным гэта прысвячэнні каханай жонцы, роднай вёсцы Сташаны, гораду над Пінай і, зразумела, блізкім і дарагім сэрцу людзям. Зборнік складаецца з трох раздзелаў: “Таемныя струны душы чалавечай”, “Гімн каханню” і “Памяці паэта”. У апошні ўвайшлі вершы, прысвечаныя Анатолю Шушко калегамі.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар уступнай часткі зборніка Марыя Іванаўна Ляшук адзначыла пранікнёнасць вершаў і адметнасць паэтычнага дару Анатоля Шушко. Шчырымі і цёплымі ўспамінамі падзяліліся сябры Анатоля Іванавіча, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Фёдаравіч Грышкавец  і знакаміты мастак Сяргей Фёдаравіч Жылевіч. Аднакурсніца Анатоля Шушко па Белдзяржуніверсітэце, вядомы экскурсавод, аўтар кніг пра Палессе і Пінск Таццяна Аркадзьеўна Хвагіна рассказала пра сваё знаёмства з паэтам у гады навучання. Кандыдат філалагічных навук, паэтэса Алена Аляксандраўна Ігнацюк расказала аб тым, што значыць для яе творчасць Анатоля Іванавіча. З задавальненнем слухалі прысутныя цудоўныя, мілагучныя песні на вершы Анатоля Шушко ў выкананні паэта, члена клуба літаратараў Піншчыны Віктара Мяцельскага. Верш уласнага складання Анатолю Шушко прысвяціла паэтэса Людміла Савічна Шклёда. Упрыгожыла мерапремства кніжная выстава “Гучыць слова земляка над роднаю старонкаю”.

Паэт-словатворца Анатоль Шушко верыў у жыццядайную сілу паэтычнага слова, у яго здольнасць прыадкрываць чалавеку новыя гарызонты. Лірыка Анатоля Шушко непаўторная, кранальная, прыцягальна-шчымлівая і шчырая. Бо і сам паэт быў чалавекам шчырым і адкрытым. Тужліва, што ўжо не папоўніцца яго паэтычная скарбонка новымі творамі-знаходкамі. Але і пакінутае самабытным аўтарам у спадчыну па-ранейшаму хвалюе і захапляе.

Век гэтай мудрасці быць з намі:
Адно, душою не гавей.
Каб нават хіжыя спазналі,
Жыццё тваё – дзеля людзей.

 
Калі цябе, аднак, не будзе,
Пакліча ў бездань іншы свет,
Няхай аднойчы скажуць людзі:
“Ён у нашай памяці жыве” 

Кацярына МІХАЛЕВІЧ, Пінская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я.Янішчыц