Высокае сонца


Уладзіміра Максімавіча Скарынкіна павіншавалі з 80-гадовым юбілеем

25.07.2019                                                          Новости


Пад такой назвай прайшло літаратурна-музычнае мерапрыемства ў сталічнай бібліятэцы імя Талстога. Пісьменнікі, сябры, супрацоўнікі ўзгаданай бібліятэкі, прыхільнікі творчасці мелі магчымасць павіншаваць вядомага паэта і перакладчыка Уладзіміра Максімавіча Скарынкіна, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі з 80-гадовым юбілеем. На мерапрыемстве гучалі вершы паэта, песні на яго словы. Супрацоўнікамі бібліятэкі была арганізавана выстава па творчасці Уладзіміра Максімавіча.

Вядучая імпрэзы супрацоўнік Мінскага гарадскога аддзялення паэт Іна Фралова распавяла пра творчы і жыццёвы шлях Уладзіміра Скарынкіна, узгадала апаленае вайной дзяцінства, прачытала некалькі вершаў гэтай тэматыкі. Прадставіла яшчэ аднаго члена творчай сям’і – верную спадарожніцу жыцця Валянціну Пятроўну. Узгадала яркія выступленні гэтага творчага саюза перад юнымі слухачамі.

Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі намеснік старшыні Анатоль Яўгенавіч Матвіенка павіншаваў Уладзіміра Максімавіча і ўручыў Ганаровую грамату СПБ. Старшыня Мінскага гарадскога аддзяленння СПБ Міхась Паўлавіч Пазнякоў далучыўся да віншавання і ўручыў за шматгадовую плённую працу на літаратурнай ніве нагрудны знак аддзялення “Максім Багдановіч”.

Супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Карлаўна Свірыдовіч зачытала віншавальны адрас. Супрацоўнікі аддзела Алена Канапацкая і Вольга Саўчэнка ў сваю чаргу выказалі словы падзякі і павагі да пісьменніка.

Калегі па творчым цэху Яна Явіч, Уладзімір Ашурка, Галіна Мішнёва, загадчык біліятэкі Лола Іназемцава таксама мелі магчымасць павіншаваць пісьменніка з 80-годдзем.

Букеты кветак, фотаздымкі і сардэчная цеплыня застануцца на ўспамін аб сустрэчы.

Ганна СТАРАДУБ

Фота аўтара