У госці да Танка


Падарожжа на малую радзіму Максіма Танка здзейснілі пісьменнікі Мінска і Міншчыны

17.07.2019                                                          Новости


Калісьці ў Максіма Танка запыталіся, што яго натхняе на творчасць. Пісьменнік не адразу знайшоў патрэбныя словы для адказу, а, крыху сабраўшыся з думкамі, назваў простыя рэчы: гоман птушак, шум бароў і траў роднай зямлі. І сёння, каб зноў звярнуцца да гэтай старонкі жыцця Яўгена Іванавіча Скурко, на малую Радзіму паэта прыехала творчая дэлегацыя. Пісьменнікі, журналісты, выкладчыкі, усе тыя, хто мае прамое дачыненне да слова, мелі магчымасць наталіцца з крыніцы натхнення Максіма Танка. Яны ўсклалі кветкі на магілу Песняра, паглядзелі экспазіцыю школьнага музея ў вёсцы Сваткі, прайшліся сцяжынкамі памяці.

Шлях удзельнікаў “Літаратурнага падарожжа” ляжаў праз вёску Каловічы, што на Вілейшчыне. Месца нараджэння яшчэ аднаго славутага сына Беларусі – выдатнага пісьменніка, таленавітага драматурга, вядомага гісторыка – Івана Кандрацьева. Шырока вядомага, як аўтар песні “Очаровательнае глазки”. Найвышэйшай ўзнагародай яго творчасці можна лічыць тое, што напісаныя ім словы песні “По диким степям Забайкалья” многімі лічацца народнымі.

Даследчык творчасці Івана Кандрацьева, яго зямляк доктар культуралогіі, прафесар Аляксандр Іванавіч Смолік пад не па-летняму ледзяным дожджом распавёў невядомыя факты біяграфіі. А паэты творчага дэсанту, як адказ беларускаму хаўеру, арганізавалі паэтычныя чытанні. Разам з вершамі Івана Кандрацьева гучалі вершы сучасных аўтараў. На завяршэнне прагучаў аўдыёзапіс узгаданых песень у выкананні Лідзіі Русланавай і хора імя Аляксандрава.

Прыпыніліся члены дэлегацыі і каля яшчэ аднаго знакавага месца гістарычнага мінулага, месца адной з апошніх бітваў Напалеона Банапарта.

Асобна трэба ўзгадаць Валожын і менавіта  літаратурнае аб’яднанне “Рунь”, якое плённа шчыруе на гэтай таксама багатай на таленты зямлі. Творчы кіраўнік Валянціна Францаўна Гіруць-Русаковіч зрабіла невялікі экскурс па літаратурных сцяжынах свайго краю, пазнаёміла  з вынікамі працы аб’яднання. І пасля за кубкам гарачай гарбаты з усялякімі мясцовымі прысмакамі, што падрыхтавалі гасцінныя гаспадары, прайшло літаратурнае знаёмства. Гаспадары і госьці мелі магчымасць прадставіць сваю творчасць, выказацца на хвалюючыя іх тэмы, абмяняцца кнігамі. Ля помніка, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны адбыўся мітынг і ўскладанне кветак. Акрамя цудоўна арганізаванай экскурсіі па горадзе госці змаглі адчуць асалоду ўжо адыйшоўшай ў мінулае эпохі СССР. У музеі “Я родам з СССР” іх сустрэлі школьная форма з піянерскім гальштукам, драўляныя этажэркі, вышываныя сурвэткі і яшчэ дзясяткі экспанатаў, якія засталіся ў памяці, калі не сімваламі, то ўжо знакамі савецкага часу.

Сардэчнасць сустрэчы, цеплыню новых знаёмстваў, радасць адкрыцця новых творчых даляглядаў забралі з сабой Святлана Быкава, Віктар Кулэ, Юрась Нераток, Аляксандр Плавінскі, Маргарыта Прохар, Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Тулінаў, Лідзія Шагойка і Іна Фралова. 

Ганна СТАРАДУБ