“СВЯТАЯ – ГЭТА РОДНАЯ ЗЯМЛЯ…”


У Брэсцкім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” адбылася сустрэча з Іланай Сэла – актыўнай грамадскай дзеячкай Таварыства выхадцаў з Лунінца ў Ізраілі

02.07.2019                                                          Новости


У Брэсцкім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” адбылася сустрэча з Іланай Сэла – актыўнай грамадскай дзеячкай Таварыства выхадцаў з Лунінца ў Ізраілі.

Вядома, што і да Другой сусветнай вайны, і пасля яе многія ўраджэнцы Палесся выязджалі на Святую Зямлю. Там дзейнічаюць зямляцтвы розных беларускіх гарадоў і мястэчак. З-за палітычных абставін ізраільцяне аднавілі сувязі з малой радзімай толькі ў пачатку 1990-ых, калі Беларусь стала незалежнай.

У адной з дэлегацый быў Шлома Эльпінэр, былы загадчык Лунінецкай друкарні, які выпускаў першы нумар раённай газеты “Авангард” 17 кастрычніка 1939 года. Неўзабаве прызваны ў Чырвоную Армію, прайшоў усю вайну, тройчы быў паранены і неаднаразова ўзнагароджаны. Калі вярнуўся дамоў, даведаўся, што фашысты знішчылі яго бацькоў, сем’і братоў і сясцёр, жонку і дзіця… Такі ж лёс напаткаў родных Хаі Гульман, якой пашчасціла эвакуіравацца. Два адзіноцтвы стварылі новую сям’ю. Ілана – іх дачка. Яна нарадзілася ў Лунінцы, вучылася ў чыгуначнай школе ў 1954-1956 гг. Затым бацькі праз Польшчу выехалі ў адноўленую яўрэйскую дзяржаву.

–На мяжы тысячагоддзяў пачала наведваць з бацькам Лунінец, каб пачуць расказы аб мірным даваенным жыцці і спыніўшай яго катастрофе, – гаворыць госця. – Калі завяршыўся зямны шлях таты, вырашыла працягваць памінанне…

На брацкіх магілах у Лунінцы, Луніне, Кажан-Гарадку, Лахве, Мікашэвічах і Леніне Ілана запальвала свечы. Замест малітвы, што заўсёды чытаў Шлома Эльпінэр, яго дачка ўскладала кветкі – па беларускім звычаі. У знак агульнага болю аб тысячах загінуўшых бязвінных людзей, якіх знішчыла полымя вайны…

У ліпені 2017-га па ініцыятыве Іланы Сэла наш край наведала вялікая група нашчадкаў былых жыхароў Лунінца, якія нарадзіліся на Святой Зямлі. У Ізраілі быў створаны альбом, што адлюстраваў гэты тыднёвы візіт. Больш чым 100-старонкавае выданне фарматам А-4 на глянцавай паперы ўтрымлівае шматлікія фотаздымкі, расповяды ўдзельнікаў дэлегацыі з Ізраіля аб сваіх продках, а таксама ўражанні гасцей аб сустрэчах на беларускай зямлі. Альбом занатаваў “Маршы Жыцця”, што былі праведзены ў шэрагу населеных пунктаў. Дзякуючы здымкам, узнаўляюцца ў памяці фрагменты вітальнай праграмы: выступленні на сцэне ГДК народнага хору ветэранаў “Спадчына” і клуба спартыўнага танца “Мірыданс”; раённае свята Купалле на беразе маляўнічай Цны; адпачынак на Белым возеры; наведванне Цэнтра культуры і рамёстваў у Вульцы 1; мітынг у гонар 73-яй гадавіны вызвалення раёна каля абеліскаў загінуўшым у Лунінцы…

Альбом выдадзены на іўрыце. Акрамя сем’яў выхадцаў з нашых мясцін у Ізраіле, ён падораны ўніверсітэту Тэль-Авіва і Інстытуту Халакосту ў Іерусаліме. Ілана Сэла пераклала тэкст на англійскую мову, і некалькі экзэмпляраў альбома папоўнілі кніжныя сховішчы мемарыяльнага комплекса “Хатынь” і Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны.

Госця з Ізраіля адзначыла, што ў час візітаў на малую радзіму з дапамогай землякоў пашырае далягляды Беларусі знаёмствам з новымі мясцінамі і людзьмі. У Мінску яна была запрошана ў Гістарычную майстэрню імя Леаніда Левіна, убачыла мемарыяльны комплекс “Трасцянец”. У Брэсце і Дамачава таксама наведала пахаванні вязняў гета. Тэма беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва панавала ва ўтульным пісьменніцкім кабінеце на 6-ым паверсе, дзе Ілану Сэла сардэчна вітала наместнік старшыні абласнога аддзялення СПБ Любоў Мікалаеўна Красеўская. Удзельнікамі непрацяглай па часе, але шчырай і глыбокай размовы былі таксама прадпрымальнік Ігар Яўгенавіч Пілецкі з Брэста і пісьменнік Таццяна Васільеўна Канапацкая з Лунінца.

Таццяна ВАСІЛЬЕВА

Фота з архіва Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”