Пісьменнікі Міншчыны – ва ўнісон з галасамі паэтаў свету: «Не – вайне, зберажом мір!»


Пісьменнікі Міншчыны – ва ўнісон з галасамі паэтаў свету: «Не – вайне, зберажом мір!»

27.06.2019                                                          Новости


Адразу два мерапрыемствы ў адным прайшлі ў чэрвені з удзелам пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Адно з іх пад дэвізам Не – вайне, зберажом мір! – Сусветны фестываль паэзіі NO WAR – HUG PEACE, другое – падвядзенне вынікаў абласнога літаратурнага конкурса, прысвечанага 75-годдзю з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтыя мерапрыемствы сабралі пісьменнікаў Міншчыны і гасцей імпрэзы ў Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў.

Ва ўтульнай Каміннай зале Палаца сабраліся пісьменнікі Міншчыны і аматары паэзіі і песні. Гасцямі мерапрыемства сталі старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі рэспубліканскі фонд міру” Любоў Ермаловіч, першы намеснік старшыні ГА “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Алена Стэльмах, журналісты. У рамках мерапрыемства адбыўся канцэрт, на якім гучалі вершы і песні канкурсантаў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, а таксама тэматыцы Сусветнага фестывалю.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава зазначыла:

— Ініцыятыва правядзення Сусветнага фестывалю “No war — hug peace” (Не — вайне, зберажом мір”) належыць міжкантынентальнаму дырэктару фестывалю, паэтэсе, перакладчыцы Хілал Карахан (Турцыя), а таксама вядомай італьянскай паэтэсе, перакладчыцы, дырэктару фестывалю ў Еўропе Клаўдзіі Пічына (Італія). У Беларусі здзейсніла гэтую ініцыятыву намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення нашай пісьменніцкай арганізацыі Марыя Кобец. Два тыдні таму ў літаратурнай вандроўцы яна наведала Сербію, затым прыняла ўдзел у фестывалі паэзіі ў Маскве. Падчас адной з такіх паездак яна пазнаёмілася з Клаўдзіяй Пічына, дырэктарам Сусветнага фестывалю паэзіі ў Еўропе No war — hug peace. Італьянская пісьменніца распавялаа пра ўнікальны форум, удзельнікамі якога сталі паэты з многіх краін свету. У азначаныя дні ў многіх куточках свету, аб’яднаныя мэтай гуманізму, паэты чытаюць свае вершы на тэму супрацьдзеяння вайне і захавання міру ва ўсім свеце.Такім чынам, упершыню ў такім фармаце паэты нашага аддзялення аб’ядналіся разам з паэтамі з Італіі, Бангладэш, Грэцыі, Сербіі, Румыніі, Пуэрта-Рыка, Палесціны, Сектара Газа, Сіцыліі, Камеруна, Ірака, Ірана, Інданэзіі, Індыі, Ізраіля, Турцыі, Іспаніі, Мексікі, Філіпінаў, Румыніі, Нідэрландаў, Грэцыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Казахстана і інш… І варта адзначыць: пісьменнікам Міншчыны таксама ёсць што сказаць на гэтую тэму. Менавіта ў гэты дзень падводзяцца вынікі літаратурнага конкурсу, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пісьменнікі вобласці даволі актыўна адгукнуліся на удзел у конкурсе: было даслана 65 творчых работ. Узнятыя тэмы і ўзровень тэкстаў яшчэ раз даказваюць: нягледзячы на тое, што вайна прайшла па Беларусі даўно, рэха яе яшчэ выклікае ў нашых літаратараў імкненне да напісання твораў на гэтую тэматыку.

— Тэма захавання міру ва ўсім свеце – гэта тая тэма, якая сёння мае даволі шырокае распаўсюджанне на планеце, – адзначыла і першы намеснік старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алена Стэльмах. – Вельмі важна, што пісьменнікі Міншчыны ўсведамляюць важнасць тых задач, якія ўскладаюць на свае плечы. І надзвычай прыемна разумець такую важную акалічнасць: у глабальнай справе захавання міру ва ўсім свеце галасы пісьменнікаў нашай вобласці гучаць ва ўнісон з галасамі паэтаў Еўропы, Азіі, Афрыкі.

Асаблівую зацікаўленасць у актыўнай пазіцыі пісьменнікаў Міншчыны ў справе захавання міру ва ўсім свеце выказала і старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі Фонд міру” Любоў Ермаловіч. Яна акрэсліла асаблівае гучанне гэтага мерапрыемства напярэдадні святкавання ў нашай краіне 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама выказала спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва з пісьменніцкай арганізацыяй вобласці.

На працягу дзвюх гадзін паэты Міншчыны дэкламавалі свае вершаваныя творы, прысвечаныя тэме міру і вайны, таксама гучалі аўтарскія музычныя кампазіцыі, у завяршэнні імпрэзы ўрэшце інтрыга дня была завершана – імёны лепшых майстроў прыгожага слова, што прынялі ўдзел у абласным літаратурным конкурсе, прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі агучаны. Так, у конкурснай намінацыі “Паэзія” дыпломам 1-й ступені быў узнагароджаны Фёдар Гурыновіч з Салігорска, дыпломамі 2-й ступені адзначаны паэты Яўген Пясецкі і Людміла Круглік, трэцяе месца ў паэтычнай намінацыі раздзялілі Зінаіда Гасціловіч і Эльвіра Ярчак. Свой талент у напісанні празаічных твораў найбольш ярка прадэманстравалі Аркадзь Жураўлёў (дыплом 1-й ступені), Алена Стэльмах і Таццяна Цвірка (дыплом 2-й ступені), Вольга Савасцюк і Барыс Далгатовіч (дыплом 3-й ступені). У намінацыі “Песня” асабліва яскрава заявілі пра сябе Дзмітрый Краскоўскі (дыплом 1-й ступені), Уладзімір Цанунін і Таццяна Дашкевіч (дыплом 2-й ступені), Канстанцін Цыбульскі (дыплом 3-й ступені).

Як зазначае сёння дырэктар Сусветнага фестывалю паэзіі ў Беларусі “Не – вайне, зберажом мір!” Марыя Кобец, маштабная паэтычная акцыя даволі гучна прайшла ў многіх краінах свету. Ад Дакі да Іерусаліма, ад Калькуты да Нью-Ёрка паэты свету паслалі гучную заяву аб тым, што свет не хоча, каб адбываліся новыя войны, чалавецтва напоўніцу прачула жах кровапраліццяў і забойстваў. І надзвычай важна, што паэты Беларусі таксама далучыліся да гэтай акцыі, на сусветнай паэтычнай пляцоўцы тым самым адзначыўшы: “Беларусы – у ліку першых, хто ніколі не забудзе жахаў папярэдніх войнаў, хто на ўвесь голас прамаўляе: “Не – вайне, зберажом мір!”

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”