Другая маладосць легендарнага “Светача”


Другая маладосць легендарнага “Светача”

17.05.2019                                                          Новости


Саюз пісьменнікаў Беларусі выказвае шчырую падзяку Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ “Белкніга” і ўсім, хто прымаў удзел у стварэнні новай канцэпцыі легендарнай кнігарні ў Мінску “Светач”.

Як вядома, кніжная крама, якая прыцягвае да сябе пакаленні пакупнікоў, што ў прыватнасці можна атаясаміць – чытачоў – была адкрыта  ў Мінску 5 лістапада 1977 года. І на той час гэта было не зусім звычайнае месца. Двухпавярховы будынак, напоўнены самымі рознымі выданнямі тагачаснага перыяду адразу звярнуў на сябе ўвагу кнігалюбаў, прывабіў да сябе гасцей сталіцы, у тым ліку і замежных. Кніга – гэта тое, што ў самых розных выпадках будзе абсалютна дарэчы. І самому яе пачытаць – вялікае задавальненне. І падарунак – заўсёдна прыстойны. Так пісалася ўжо больш, чым саракагадовая гісторыя “Светача”.

Літаральна пасля юбілейнай даты было прынята рашэнне надаць шаноўнай кнігарні новае дыханне. Так, у краме пачалася рэканструкцыя, кіраўнікі ААТ “Белкніга” завяршыць якую абяцалі да ІІ Еўрапейскіх гульняў.

17 мая намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, прадстаўнікі выдавецтваў, спонсары, пакупнікі сталі сведкамі ўрачыстасці з нагоды надзвычай прыемнай падзеі – кнігарня паўстала ў прынцыпова новым выглядзе. Пачынаючы ад кніжных палічак, раздзелаў літаратуры, прадстаўлення аўтараў  - усё прадумана да дробязей.  Да таго ж вабіць пляцоўка, прызначаная для сустрэч з пісьменнікамі, побач з ёю – кавярня.

Дом кнігі напоўнены святлом, які можа несці толькі кніга, у ім лунае атмасфера ўзнёсласці, высокай духоўнасці. Гэта адчуе кожны, хто, здаецца, не зможа мінуць “Светач” на праспекце Пераможцаў.

Мікалай Іванавіч Чаргінец, выступаючы на адкрыцці магазіна, і пасля ўрачыстасці, вельмі ўзрушаны ўбачаным, гаварыў пра тое, што кнігарня такога кшталту была даўняй марай пісьменніцкай арганізацыі. Зараз створана ўнікальная магчымасць для больш блізкага кантакту пісьменніка з чытачом. Значыць, новы ўзровень набывае і кніжны гандль. Кніга не губляе свайго значэння, пацвярджае сваю значнасць.

Алена СТЭЛЬМАХ