Да 80-годдзя Мікалая Іванавіча Чаргінца


Да 80-годдзя Мікалая Іванавіча Чаргінца

17.10.2017                        Новости


Шаноўны Мікалай Іванавіч!

Гісторыя  кожнага народа напаўняецца яшчэ большым сэнсам і зместам, калі з’яўляюцца  знакавыя асобы. На пераломе часу, у дні перабудовы,  пісьменніцкая супольнасць маладой незалежнай краіны Беларусь апынулася на раздарожжы. Адным з першых, хто ўзяўся за цяжкую карпатлівую працу па кансалідацыі творчых сіл на літаратурнай ніве, сталі Вы, Мікалай Іванавіч, добра разумеючы, што калі свет расколваецца на дзве палавінкі, дык трэшчына заўсёды праходзіць праз сэрца пісьменніка. Не раздумваючы, Вы і Вашы калегі па пяру, шматлікія пісьменніцкія шэрагі, якія былі раскіданы і  якіх Вы аб’ядналі ў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, адразу і канчаткова паставілі сваё пяро, якое сапраўды можна было прыраўняць к штыку, на службу дзяржаўнасці, на развіццё жывой творчасці мас, на росквіт маладых літаратурных талентаў, на станаўленне і фарміраванне духоўнай атмасферы ў грамадстве, пашырэнне культурнай прасторы, выпрацоўку эстэтычнага густу і пашырэнне аўтарытэту кнігі сярод чытачоў.

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” стаў вартасным паслядоўнікам волатаў беларускага слова – “Кірылы і Мефодзія” у беларускай літаратуры, валадароў дум народных - Янкі Купалы і Якуба Коласа, багатай і глыбокай беларускай літаратуры XX - пачаткуXXI ст.ст., слова глыбокага, народнага, палымянага, слова, якое ішло ад Францыска Скарыны.

На працягу больш за дзесяцігоддзя Вы, паважаны Мікалай Іванавіч, узначальваеце створаны па Вашай ініцыятыве Саюз пісьменнікаў Беларусі, які шмат робіць, аб’яднаны агульнай ідэяй стваральнай працы, дзеля росквіту нашай краіны, дзеля дабрабыту людзей, прыраўноўваючы наш хлеб надзённы з хлебам духоўным. Пад Вашым кіраўніцтвам, як старшыні СПБ, заснаваны і выдаюцца кніжныя серыі: “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”, “Бібліятэка сучаснай фантастычнай і прыгодніцкай прозы”, выходзяць кнігі серыі пачынаючых аўтараў “Дэбют”. СПБ заключыў пагадненне з пісьменніцкімі Саюзамі больш чым 30 краін. Шмат зроблена для паляпшення выданняў кніг і часопісаў для дзяцей, для росту зацікаўленнасці сярод чытачоў да твораў беларускіх аўтараў. Пастаянна папаўняюцца шэрагі ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, у які прыходзяць маладыя сілы.

Агульнавядомы Ваш клопат, дарагі Мікалай Іванавіч, пра побыт і творчасць кожнага літаратара. Прызначаны і выдзяляюцца гадавыя штомесячныя стыпендыі маладым пісьменнікам, аказваецца матэрыяльная дапамога ветэранам вайны і працы. Па Вашай ініцыятыве і з Вашым непасрэдным удзелам была дасягнута інтэграцыя міжнародных пісьменніцкіх шэрагаў, утвораны Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Вы ўзначалілі Грамадскі савет па маралі і этыцы, з’яўляецеся сустаршынёй Міжнароднай супольнасці пісьменніцкіх Саюзаў. Лаўрэат міжнародных прэмій, пераможца міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. За разнапланавыя дасягненні ў галіне культуры і навукі ў 1998 годзе Ваша імя занесена ў Кнігу рэкордаў  Гінеса.

 Шырока вядома чытачу Ваша літаратурная творчасць. З 1970 года пачалі выходзіць у свет кнігі, якія заснаваны на багатым жыццёвым вопыце і актыўным практычным удзеле ў духоўным  жыцці грамадства. З-пад пяра выходзяць кнігі “Чацвёрты след”, “Трывожная служба”, “Следства працягваецца”, “Служба дні і ночы”, “Фінал краба”. Вы здолелі ператварыць  жанр дэтэктыва, які быў слаба распрацаваны на працягу ўсяго развіцця гісторыі беларускай літаратуры, у катэгорыю шырокапапулярнай і глыбокапсіхалагічнай літаратуры. Больш за 50 створаных мастацкіх рэчаў паставілі Вас у шэрагі найбольш папулярных і чытаемых пісьменнікаў  свайго часу. Заслужаннае прызнанне і папулярнасць у чытачоў атрымалі раманы  “Вам - заданне”, “За секунду да выстрала”, “Сыны”, раман “Аперацыя “Кроў”.

 Вялікі і значны асабліва каштоўны вопыт накоплены Вамі, шаноўны Мікалай Іванавіч, у якасці палітычнага і грамадскага дзеяча. Вы абіраліся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, працавалі старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыяльнай бяспецы і адначасна старшынёй Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі. Прымалі актыўны ўдзел у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН.

Ваша плённая праца шчодра ацэнена дзяржавай: двума ордэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам Пашаны, ордэнам Айчыны III ступені, ордэнамі Расійскай Федэрацыі, Афганістана, Югаславіі, медалямі і іншымі ўзнагародамі. Вы – лаўрэат міжнароднай прэміі “Зоркі Садружнасці” за 2013 год.

Дарагі Мікалай Іванавіч! Прыміце нашы самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з высокім юбілеем! Жадаем Вам доўгіх гадоў жыцця, шчасця, здароўя, поспехаў, плёну ў працы на літаратурнай ніве на карысць беларускаму народу і роднай краіне.

Прэзідыум ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”