Мовай паэзіі аб самым сакральным


Надзея Парчук пра кнігу  “Жизни нет предела” Івана Дацкевіча

20.12.2018                                  Литературная критика


Не крест – бескрестье мы несём,

а как сгибаемся убого.

Чтоб не извериться во всём,

дай Бог ну хоть немного Бога!

Яўген Еўтушэнка

“Жизни нет предела” – так па-філасофску аптымістычна, па-хрысціянску сцвярджальна назваў свой новы зборнік вершаў берасцейскі самабытны паэт Іван Дацкевіч. Пятае па ліку аўтарскае выданне пабачыла свет у выдавецтве ААТ “Брэсцкая друкарня” лістападаўскім днём бягучага года.

Іван Трафімавіч доўгі час жыў і працаваў у Прадураллі (Расія), дзе пазнаёміўся і пасябраваў з расійскімі паэтамі Мікалаем Дамавітавым, Уладзімірам Радкевічам, Львом Сарокіным, Венядзіктам Станцэвым і праз іх далучыўся да прафесійнай літаратурнай творчасці. Праўда, выдаць уласныя зборнікі яму пашчасціла толькі на малой радзіме, якая з любоўю і ласкай сустрэла свайго сына-паэта, атуліла цеплынёй і спагадай адораную творчым талентам чуллівую душу.  

У зборнік увайшлі ўсе вершы духоўнага зместу, напісаныя аўтарам у асноўным з 2011 па 2018 год, а таксама некалькі твораў, напісаных за апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя, якія не былі змешчаныя ў папярэднія выданні.

Ужо з першых старонак кнігі зразумела, што перад намі паэзія не толькі майстра мастацкага слова, але і выдатнага паэта-філосафа, удумлівага і аўтарытэтнага аналітыка-духаўніка, разважлівага і кампетэнтнага  даследчыка чалавечай душы, спрадвечных праблем зямнога існавання, а галоўнае – асоба, якая імкнецца да спасціжэння Усяленскай сутнасці.

Усе вершы напісаны на рускай мове і паяднаны агульнай філасофска-духоўнай тэматыкай. Аднак удумлівы і ўважлівы чытач знойдзе ў іх як лірычныя адступленні і пейзажныя замалёўкі, так і патрыятычныя прызнанні ды  шчырыя разважанні аўтара аб сэнсе жыцця на зямлі, аб бяссмерці чалавечай душы, адшукае радкі, у якіх сцвярджаецца існаванне Божага Розуму – Стваральніка Сусвету.

 “Я преклоняюсь пред Разумом мудрым и светлым”, – прызнаецца паэт і тут жа доказна даводзіць да чытача: 

Бог в этот мир поселил нас не ради забавы

И, не скупясь, наградил нас бессмертной душой.

Что ж их так много – желающих власти и славы?

Или для светлого разума час на Земле не пришёл? 

Адораны аналітычным розумам, здаровай логікай і падмацаваны багатым жыццёвым вопытам майстар мастацкага слова мовай паэзіі пераконвае нас у неабходнасці жывіць і насычаць сваю душу хрысціянскімі каштоўнасцямі: любоўю, міласэрнасцю і дабрынёй, заклікае штодзённа ўзбагачацца сапраўднай, а не ўяўнай духоўнасцю.

Кажуць, што вершы – гэта мары паэта пра будучае і ўспаміны аб мінулым. Няхай сабе і так. Але ж не ў кожнага паэта і не ў кожным творы прысутнічаюць гэтыя мары і ўспаміны, бо адкуль тады бяруцца паэты-прарокі, паэты-мысліцелі, паэты-рэалісты? Вось і Іван Дацкевіч – паэт адметнага таленту, асаблівага складу і накіравання. У яго свая сіла і логіка мыслення, свае погляды і задачы. Яго здольнасці, светапогляд, светаадчуванне і  светаразуменне больш значныя і маштабныя. Яго творчасць нашмат глыбей і вышэй, чым  здаецца на першы погляд. Але каб пераканацца ў гэтым, трэба самому прачытаць новую кнігу нашага таленавітага паэта з Жабінкаўшчыны.

Надзея ПАРЧУК, паэт, літаратурны крытык