Мікола Мятліцкі. «Паэт — дзяжурны па планеце»


Мікола Мятліцкі. «Паэт — дзяжурны па планеце»

26.11.2016        Слово Писателю 


У творчасці, як і ў жыцці, кожны абірае свой шлях. Нехта стварае свой уласны свет і ціхенька, паўшэптам кажа толькі пра самае дарагое і асабістае. А нехта — не баіцца казаць на поўны голас, жыве клопатам пра мінулае і будучыню ўсёй краіны, роднага народа. Думаецца, да ліку апошніх можна аднесці і паэта Міколу Мятліцкага, аб чым сведчаць і яго новыя вершы. 


* * *

Паэт — дзяжурны па планеце,

Ён сочыць з раніцы самой,

Якое зноў надвор'е ў свеце,

Ці не запахла дзе вайной.

 

За род людскі перажывае,

Калі цячэ бязвінна кроў,

Калі матуля ў дол хавае,

Слязу каўтаючы, сыноў.

 

Яго душа ад жалю стыне,

Трымціць, нібы на дрэве ліст,

Калі сусветныя святыні

Ўзрывае-нішчыць тэрарыст.

 

Крывёю сэрца абальецца,

І пройдзе боль па ім, як шрот,

Калі знянацку разаб'ецца,

З нябёс упаўшы, самалёт.

 

Усё ў паэта на прыкмеце,

За ўсіх душой хварэе ён.

Паэт — дзяжурны па планеце,

І застанецца ім спакон.

 

* * *

Дакоскі, дажынкі, дакопкі —

Рух працы людской нетаропкі.

 

Луг спелы ў надрэччы бліз вёскі —

Звінелі касою дакоскі.

 

Пакоша лягла пад нагамі,

А далеч — паўстала стагамі.

 

Святла не гублялі й хвілінкі,

Спяшалі на ніву дажынкі.

 

Дзень жніўны, і росны, і зябкі,

Стаўляў снапы шчыльна у бабкі.

 

А верасень значыў дакопкі

Разварыстай бульбаю сопкай.

 

Капцы і бурты ладавалі —

Ад злосных марозаў хавалі.

 

Дакопкі, дажынкі, дакоскі —

Маленства майго адгалоскі.

 

* * *

За краіну сваю перад светам не сорамна,

З папялішч уваскрэсла, красуе-жыве.

Неба ноччу расшыта ірдзістымі зорамі,

Дзень мядзвянай расой зазвініць у траве.

 

Старажылы-дубы на суках сонца ўскінулі

У вячыстую сінь прамяністых нябёс.

Цені скрухі былой, неадольнае, згінулі,

Адступілася цемра — сышла за алёс.

 

Ты жывеш, Беларусь, з мазаля спаконвечнага,

Дорыш свету цяпло і душы чысціню.

Ды за часы усе так лагодна прасвечвае

Сонца рэк і азёр сінь-ваду ўпершыню.

 

Навальніцы-грамы — толькі кволае водгулле

Неаглухлых баёў, кананад франтавых.

Чырвань ранішніх зор — толькі цьмяныя водбліскі

Не пагаслых у славе сцягоў баявых.

 

Над разлогамі ніў, над шляхамі быліннымі,

Над красою старых, маладых гарадоў,

Размахнуўся шырока крыламі буслінымі

Век твой новы,

Што з мірам і шчасцем прыйшоў.

 

Мікола МЯТЛІЦКІ

Фо­та Кас­ту­ся ДРО­БА­ВА

Выдавецкі дом «ЗВЯЗДА»