Мікалай Чаргінец: Пісьменніцтва стала модным


Мікалай Чаргінец: Пісьменніцтва стала модным

26.11.2016           Культура             Аўтар: Марына Весялуха 


Беларускае грамадства заўсёды з павагай і піетэтам ставілася да асобы пісьменніка. Нашы класікі — Купала, Колас, Караткевіч, Быкаў, Шамякін — былі фактычна зоркамі ў свой час. Іх пазнавалі на вуліцы, запрашалі на радыё і тэлебачанне, чыталі іх новыя творы. А як у наш час пісьменнік пачуваецца ў грамадстве? Якімі клопатамі жыве? Ці бачыць цікавасць да сваёй асобы і працы? Пра гэта і многае іншае ў інтэрв'ю «Звяздзе» расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар многіх раманаў Мікалай ЧАРГІНЕЦ. 


Пра ўвагу і аўтарытэт

— Калі зазірнуць у гісторыю, то можна заўважыць, што пісьменнікі заўсёды знаходзіліся ў цэнтры ўвагі грамадства. І ў часы Савецкага Саюза ні адно ўрачыстае пасяджэнне не адбывалася без прысутнасці пісьменнікаў. Самыя паважаныя аўтары сядзелі побач з кіраўніцтвам краіны. Гэта ўздымала аўтарытэт іх асоб у вачах чытачоў. Вага меркавання творцы яшчэ большая, калі дадаць павышаную ўвагу да кнігі ў цэлым. Пасля таго як Савецкі Саюз спыніў існаванне, змяніліся многія ўмовы жыцця. Некаторы час аўтары знаходзіліся ў разгубленасці. Складана было ўспрымаць новае, адчувалі шкадаванне па старому. Магчыма, з гэтай прычыны пісьменнікі прыкладна на дзесяцігоддзе сышлі з арэны актыўнай працы. Выдаваліся асобныя кнігі, вывучалася гісторыя, але было цяжка казаць пра сучаснасць. З моманту заснававання Саюза пісьменнікаў Беларусі мы працуем на тое, каб развіваць таленты, жаданне да творчасці.

Пра таленты і запатрабаванні

— Я не хачу сказаць, што ўвесь саюз — каманда толькі надзвычай таленавітых людзей. Нас аб'ядноўвае жаданне пісаць, а вось які вынік гэтай працы? Не ўсе настолькі таленавітыя, як ім хацелася б быць. Часта пісьменнікі патрабуюць асаблівых ільгот, увагі. Часцей так робяць тыя, хто пакуль не мае ніякіх дасягненняў у літаратуры. А некаторыя нават лічаць, што, проста ўступіўшы ў саюз, маюць права называцца талентам. Былі выпадкі, калі, атрымаўшы членскі білет саюза, пісьменнікі адразу ж задавалі пытанні: а што я з гэтага атрымаю? За 10 гадоў працы мы не прынялі ў творчую суполку каля 700 чалавек. Можна нават сказаць, што пісьменніцтва стала модным. Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення сталі пісаць. Некаторыя лічаць, што чытачу будзе цікава прачытаць пра іх жыццё. Ды гэта не так. Трэба быць рэалістамі. Так, твор, магчыма, прачытаюць сваякі і знаёмыя аўтара. Але ж наклад кніг — сотні, тысячы асобнікаў. Каб не пакутаваў выдавец, яны павінны быць прададзенымі. Адразу ж узнікаюць і пытанні фінансавыя, у многіх выпадках яны маюць дачыненне да дзяржаўнага бюджэту. Таму перад намі стаіць задача не адштурхоўваць натхнёных людзей ад творчасці, але нейкім чынам сувымяраць іх творы з запатрабаванасцю ў грамадстве. Мы вітаем выданне рэгіянальнай літаратуры.

Гэта ж вельмі цікава, калі аўтар піша пра сваю родную вёску, горад. Калі твор мацнейшы — стараемся, каб ён быў выдадзены на рэспубліканскім узроўні.

Пра падтрымку і фінансаванне

— Лічу, што мы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, знаходзімся ў лепшым становішчы, чым творцы ў іншых краінах. Адчуваем клопат кіраўніка дзяржавы, Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які ўказам падтрымаў саюз. У нас ёсць будынак — Дом літаратара. Таксама атрымліваем пэўную дапамогу з дзяржаўнага бюджэту. Мы стварылі літаратурны фонд, які можа выдаваць кнігі, удзельнічаць у сумесных праграмах і атрымліваць прыбытак. Натуральна, і самі стараемся знайсці сродкі, прыцягнуць спонсараў. З іх падтрымкай змаглі набыць мікрааўтобус, наняць вадзіцеля і бухгалтара. Спонсарскія сродкі дапамагаюць арганізоўваць камандзіроўкі, семінары для маладых аўтараў, конкурсы для дзяцей.

Пра моладзь і пераемнасць

— У нашай краіне створана цэлая сетка літаратурных аб'яднанняў, творчых гурткоў. Амаль усе іх узначальваюць пісьменнікі — члены саюза. Вопытныя творцы могуць падказаць маладым, як варта працаваць. І плён гэтай дзейнасці відавочны. Толькі за некалькі апошніх месяцаў сябрамі нашай суполкі сталі каля 30 маладых пісьменнікаў. Згадаю такія яркія імёны, як Кацярына Массэ, Маргарыта Латышкевіч, Адам Шостак, Людміла Клачко, Дзмітрый Саўчык, Сяргей Клімковіч. А аўтарка з Гомеля Марыя Маліноўская па рэкамендацыі саюза цяпер з'яўляецца студэнткай Літаратурнага інстытута імя Горкага ў Маскве. Мы стараемся падтрымліваць таленавітых маладых творцаў, выдаць першыя кнігі. Хай кніжка і маленькая, але так мы выказваем сваю ўвагу і падтрымку.

Пра тэмы і жанры

— Нам удалося ўскалыхнуць той пласт літаратуры, які раней заставаўся па-за ўвагай шырокага чытача. Напрыклад, актыўна развіваем краязнаўчую тэматыку. У гэтым кірунку выдатна працуе старшыня Мінскага абласнога аддзялення саюза Алесь Карлюкевіч. Таксама шмат увагі надаём гістарычнай тэме, даследуем лёсы выхадцаў з Беларусі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё іншых краін. Тут адзначу Валерыя Чудава. А вось пісьменнік, кандыдат гістарычных навук Барыс Далгатовіч ужо некалькі кніг выдаў пра ваенных адміралаў, якія паходзяць з нашай краіны. Анатоль Матвіенка і Вячаслаў Бандарэнка звяртаюць увагу на тэму Першай сусветнай вайны. Варта таксама згадаць выдатныя раманы акадэміка Уладзіміра Гніламёдава, надзвычай цікавы двухтомнік «Шапка манамаха» Мікалая Ільінскага. Творцы звярнулі больш увагі на жанр песні, і гэтая праца ўжо дала плён: калектыў у складзе паэта Івана Юркіна, кампазітара Алега Елісеенкава і выканаўцы Анатоля Ярмоленкі сёлета адзначаны прэміяй Саюзнай Дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

Пра выданні і ганарары

— Сёння аўтару досыць цяжка выдаць кнігу. Мы ўдзячныя міністру інфармацыі Ліліі Ананіч за падтрымку найлепшых твораў нашых пісьменнікаў, іх фінансаванне. Яны зазвычай выходзяць у дзяржаўных выдавецтвах і распаўсюджваюцца на рэспубліканскім узроўні. Дапамагаюць і камерцыйныя выдавецтвы «Харвест», «Чатыры чвэрці», дзе мы рыхтуем серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі», «Асоба і час», «Мінскія маладыя галасы», дзіцячыя кнігі, дэтэктывы. Не так даўно міністр інфармацыі прыняла рашэнне ў два разы павысіць аўтарскі ганарар пры выданні кнігі. Гэта надзвычай важна. Сёння пісьменнік часта знаходзіцца ў вельмі складаным фінансавым становішчы. Калі пойдзе на пенсію, то будзе атрымліваць проста мізэрныя грошы. Многія лічаць, што пісьменнік — гэта не прафесія. Але ж яго праца складаная і высокаінтэлектуальная, яе цяжка спалучаць з нейкай іншай дзейнасцю. У рэчаіснасці, бывае, атрымліваецца так: раз на 4—5 гадоў аўтар выдае кнігу, якая аплачваецца ганарарам.

Сума грашовай узнагароды часам не перавышае 800 рублёў. Як за іх пражыць 5 гадоў, пры гэтым выплачваць унёскі ў пенсійны фонд? Гэта ж немагчыма!

Пра прэміі і сціпласць

— Мне падаецца, што для Беларусі мала толькі адной літаратурнай прэміі. Варта заснаваць прэміі ў розных галінах: паэзіі, дзіцячай літаратуры, прозе, каб самі пісьменнікі бачылі, што цікавасць да іх творчасці ёсць і праца ацэньваецца высока. Калі казаць пра Нацыянальную літаратурную прэмію, то яна выклікае шмат увагі і разам з тым раздражнення, зайздрасці многіх аўтараў — перадусім тых, хто не быў уганараваны. Але гэта хутчэй пытанне сціпласці пісьменнікаў, адэкватнай ацэнкі сябе і сваёй творчасці. Таму я лічу, што журы прэміі варта фарміраваць з асоб, якія не з'яўляюцца членамі нашага саюза. Узноўлены акадэмічны Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, дзе працуюць выдатныя навукоўцы. Менавіта яны могуць даць адэкватную ацэнку творам — прэтэндэнтам на прэмію.

Пра крытыкаў і літаратуразнаўцаў

— У беларускай літаратурнай прасторы мала сапраўды добрых крытыкаў. Я сёння выпадкова натрапіў на стары матэрыял Уладзіміра Гніламёдава пра свае кнігі. Там столькі разважанняў, нямала і сапраўды крытычных заўваг. Я іх і сёння, і ў той час, калі тэкст быў напісаны, успрыняў спакойна — гэта ж парады ад вопытнага даследчыка. Часам мяне крытыкаваў і Васіль Быкаў. Я ўлічваў яго заўвагі, прыслухоўваўся. Спадзяюся, што ўзнаўленне Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, якім сёння кіруе прафесар, доктар філалагічных навук, пісьменнік Іван Саверчанка дапаможа развіццю крытыкі. Таксама спадзяюся, што нашы навукоўцы будуць больш увагі ўдзяляць асэнсаванню творчасці сучасных пісьменнікаў. Так, нам важна вывучаць класікаў, але часам варта і выходзіць з архіваў.

Пра публічнасць і прысутнасць у СМІ

— Хочацца, каб пісьменнікі часцей з'яўляліся на старонках друкаваных СМІ, каб іх часцей запрашалі на тэлебачанне. Аўтараў трэба ведаць у твар. Можна нават такую цікавую праграму зладзіць «Пісьменнік і чытач», у якой творца адказваў бы на пытанні прысутных. Развагі вядомага аўтара могуць тычыцца не толькі пісьменніцкіх спраў, кніг, але і яго поглядаў на падзеі ў свеце палітыкі, сацыяльным жыцці, стаўлення да з'яў у грамадстве. У нас ёсць творцы, якія з задавальненнем выказаліся б на розныя тэмы.

Так, ёсць аўтары, якія адасобліваюцца ад грамадства і палітыкі. Але мне падаецца, што кожнаму пісьменніку варта займацца самаадукацыяй, цікавіцца рознымі тэмамі, актуаліямі нашага жыцця, даваць адказы маладому пакаленню.

Пра цікавасць і запатрабаванасць

— Шкада, што многія чыноўнікі не ўспрымаюць кнігу, літаратуру, не разумеюць клопаты пісьменнікаў. Горка чуць, калі нехта кажа, што яму няма калі чытаць кнігі. Нават наш Прэзідэнт знаходзіць магчымасць чытаць. Кнігі сучасных беларускіх аўтараў перакладзеныя больш як на паўтара дзясятка моў свету. І гэта сведчыць, што нашых творцаў ведаюць у свеце, сочаць за іх працай. Скептыкі кажуць: а хто вас чытае? Каб адказаць на гэтае пытанне, мы час ад часу праводзім даследаванні ў бібліятэках, распрацоўваем спецыяльныя анкеты, дзе пытаемся, колькі разоў кнігі членаў нашага саюза выдаваліся чытачам. І атрымалася, што за 2,5 гады творы прыкладна паўсотні аўтараў былі запатрабаваныя больш як 2,5 мільёна разоў. На пытанне скептыкаў пра тое, ці чытаюць, мы такім чынам адказалі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выдавецкі дом «ЗВЯЗДА»